Дзень смерці ў калоніі Вітольда Ашурка абвешчаны Днём палітвязня ў Беларусі



Праваабарончы цэнтр „Вясна” абвяшчае 21 траўня Днём палітвязня ў Беларусі.

У гэты дзень год таму ў шклоўскай калоніі №17 пры нявысветленых абставінах памёр палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Праваабаронцы заклікаюць у гэты дзень узгадаць Вітольда, выказаць салідарнасць з палітвязнямі Беларусі і чарговы раз запатрабаваць ад уладаў іх вызвалення.

Вітольд Ашурак — актывіст з Бярозаўкі, супраць якога ў жніўні 2020-га распачалі крымінальную справу за паслявыбарчыя падзеі. Суддзя суда Лідскага раёна Максім Філатаў у закрытым рэжыме асудзіў Вітольда да пяці гадоў зняволення. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію. 21 траўня 2021 года, на 244-ы дзень свайго зняволення, палітвязень Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, па словах сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. Родныя дагэтуль не ведаюць, чаму памёр мужчына. Крымінальнай справы па факце ягонай смерці таксама да гэтага часу няма.