«Дзень смутку і надзеі»



«Дзень смутку і надзеі», —  так называецца вялікая імпрэза, мітынг і канцэрт, які ўвечары 14 чэрвеня адбудзецца на Кафедральнай плошчы Вільнюса. Мерапрыемства прысвечана 75-й гадавіне масавай дэпартацыі насельніцтва Літвы, якую правялі савецкія ўлады.

1015681048

Фота: lrp.lt / Робертас Дачкус

На мерапрыемства запрошаныя і прадстаўнікі Беларусі. Сярод іх рок-зорка Лявон Вольскі і былы кіраўнік Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч.

Па ягоных словах, з трагедыяй дэпартацыі беларусы таксам добра знаёмыя. Яны перажывалі яе і ў 40-я гады, і раней, у 20 – 30-я гады мінулага стагоддзя. І нават яшчэ ў XIX стагоддзі:

Я з тых, чые бацькі, дзяды і прадзеды прапрадзеды вывозіліся ў Сібір, каб, так сказаць, умацоўваць Расейскую імперыю. Аддадзім пашану і будзем вечна помніць пра іх, ды не пойдзем гэтым шляхам… У Беларусі дэпартацыя была яшчэ ў 20-30 гады — засялялі Сібір. Мой бацька пісаў такі верш: «Прадзеда майго ў Сібір саслалі, знялі кайданы, далі тапор…». Гэта прадзед майго бацькі, а мой прапрадзед. Ужо тады дэпартавалі з Беларусі ў Сібір, бо трэба было, каб нехта там рабіў нешта па-людску, а беларусы — добрыя гаспадары, вось іх і ссылалі, і літоўцы — цудоўныя гаспадары і да тых расейскіх абібокаў трэба было падаслаць добрыя сілы. Вось такая ў нас перадгісторыя, таму, калі нам навязваюць гэтае вялікае сяброўства, мы заўсёды прыгадваем, што старэйшы брат час ад часу паступаў як агрэсар, як кат і як забойца. Трэба аддзяліць расейскі народ і расейкую інтэлігенцыю. Я русафіл і ганаруся гэтым, але я — крэмлефоб і гэтым таксама ганаруся. Я б хацеў стаць крэмлефілам, каб там быў прыстойны ўрад, які можна было б паважаць, каб той урад кіраваўся канонамі сапраўднай расейскай інтэлігенцыі. Гэта было б добра.

Рок-спявак і кампазітар Лявон Вольскі:

— Я думаю, што для беларусаў варта паўдзельнічаць у гэтых днях і спрычыніцца да гэтых акцыяў. Сталінскія рэпрэсіі — вельмі сур′ёзная рэч, а апошнім часам з іх робяць нейкія зусім нязначныя рэчы, быццам бы гэтага і не было, а калі і было, дык нібыта не ў такіх памерах, як некалі здавалася, і што Сталін наогул малойца, бо выйграў вайну і так далей. Гэта трэба абвяргаць усімі магчымымі сродкамі.

Гісторык, даследнік тэмы сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, Ігар Кузняцоў:

— Падзеі 15 чэрвеня 1940 года, гэта працяг падзеяў, якія пачаліся ў Беларусі ў верасні 1939 года. Тое ж прыяднанне, тая ж дэпартацыя. У Беларусі ў час перадваенных дэпартацый 1940-1941 года ўглыб СССР па афіцыйных звестках дэпартавалі 160 тысяч, плюс пасляваенная дэпартацыя ім па маіх падліках не менш за 400 тысяч. У прыбалтыйскіх краінах гэтая лічба крыху ніжэйшая і тлумачыцца гэта вельмі проста: 1940 год, у іх былі крыху іншыя падыходы да рашэння гэтай праблемы. У колькасных суадносінах насельніцтва ў Літве было дэпартавана больш за 30 тысяч, з усіх прыбалтыйскіх краінаў па афіцыйнай статыстыцы — больш за 100 тысяч, а рэальная лічба, якая называецца, прыблізна 250 тысяч. Гэта аналагічная сітуацыя, звязаная з акупацыяй, далучэннем гэтых тэрыторыяў да СССР і навядзеннем парадку то бок найбольш жорсткія рэпрэсіі прымяняліся да насельніцтва Заходняй Беларусі і тое ж у прыбалтыйскіх краінах. Таму ў Прыбалтыцы 15 чэрвеня адзначаюць як трагічныя падзеі, а ў Беларусі, як мы ведаем, ніякія даты звязаныя з дэпартацыямі і памяццю пра дэпартаваных афіцыйным чынам не адзначаюцца.   

Па словах Ігара Кузняцова, у параўнанні гэтых падыходаў у Літве і Беларусі, як у люстэрку, адбіваецца стаўленне ўладаў да сваіх народаў. Шанаванне загубленых савецкім рэжымам грамадзянаў у Літве, і прыхоўванне праўды, замоўчванне — у сучаснай Беларусі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя