Дзень турызму з новай ініцыятывай для падарожнікаў
Міжнародны дзень турызму ў Гародні адзначылі стварэннем новай пляцоўкі для падарожнікаў. Ініцыятыва мае назву Grodno Travelers’ club і створана на пляцоўцы гарадзенскага “Трэцяга Сектара”.
Пра ініцыятыву распавядае яе стваральнік Яўген Юнцэвіч:
– Ідэя пачалася з таго, як Гародня атрымала бязвізавы рэжым. Да нас трапляе шмат вандроўнікаў. Таму я вырашыў стварыць такую імпрэзу. Яна створана для вандроўнікаў, каб яны маглі знайсці сабе месца дзе жыць і людзей, якія могуць правесці цікавую экскурсію. Ідэя – каб людзі бачылі, што ў нас адбываюцца мерапрыемствы, прыходзілі і распавядалі свой досьвед пра вандроўкі. Каб у нас фармавалася travel community.
Першым падарожжам, пра якое даведаліся ўдзельнікі імпрэзы, – стала 1000-кіламетровая вандроўка гарадзенцаў на роварах з Гародні да Адрыятычнага мора. Пра сваё падарожжа кажа адзін з вандроўнікаў Андрэй Міневіч:
– Былі ў Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі, Славенніі і Харватыі. Мы стараліся эканоміць, таму начавалі ў палатках, мыліся ў рэках і на запраўках. Ежу куплялі ў супермаркетах.
Арганізатары сустрэчы чакаюць, што такія спатканні будуць цікавыя не толькі гарадзенцам, але і англамоўным гасцям горада, таму прэзентацыя падарожжа дублявалася таксама і па-ангельску. На першую сустрэчу завітала два дзясяткі гарадзенцаў, што цікавяцца падарожжамі.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня