Дзень Усіх Святых у Глыбокім



Адзначыўшы Дзень Усіх Святых 1 лістапада, пасля абеду каталіцкія вернікі Глыбокага  ўзгадалі нябожчыкаў, памаліліся за іх душы і наведалі могілкі “Копцеўка”. 2 лістапада, у Задушны дзень, разам з іншымі беларусамі, каталікі Глыбоччыны працягнуць успамін памерлых.

Дзень задушны быў уведзены ў літургічны каляндар у X стагоддзі.  У гэты дзень каталікі адпраўляюцца на могілкі з малітвамі і спевамі, прыводзяць у парадак магілы, ставяць свечкі. Прыхільнікі ж паганства ў другі дзень лістапада адзначаюць  Дзяды і таксама ўзгадваюць сваіх памерлых родзічаў.

Па словах ксяндза парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім Мікалая Ціхановіча,  у гэтыя дні трэба асабліва маліцца  за душы памерлых, якія пасля смерці  пакутуюць за свае правіны ў чысцы:

– Часамі ў нашай ментальнасці перамешваюцца Дзень Усіх Святых 1 лістапада і Дзяды. Гэта зусім розныя дні. Сённяшні дзень – гэта ўрачыстасць, якую мы перажываем супольна са святымі. Мы ўспамінаем, што ўсе мы да святасці пакліканыя і мы просім заступніцтва ў святых. Першага лістапада мы можам наведваць могілкі і маліцца за памерлых продкаў.

Паводле каталіцкай рэлігіі, выкананне абрадаў памінання  – важны абавязак усіх вернікаў. Людзі павінны памятаць тых, хто сышоў з жыцця, але знаходзіцца ў чысцецу і абавязаны ачысціцца ад грахоў. Скараціць тэрмін ачышчэння могуць добрыя справы, малітвы, пакаянне тых, якія жывуць і памятаюць пра нябожчыкаў.

Шанаванне мёртвых мае свае традыцыі з самага пачатку гісторыі чалавецтва. І незалежна ад веравызнання ў першыя дні лістапада большасць беларусаў аддаюць пашану сваім памерлым родзічам.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара