Дня Волі на стадыёне «Дынама» не будзе (абноўлена)



Святочнага канцэрта ў гонар Дня Волі на стадыёне «Дынама» не будзе. Пра гэта TUT.BY распавялі ў кіраўніцтве стадыёна.

Сёння арганізатары святкавання Дня Волі заявілі, што канцэрт сёлета плануецца правесці на стадыёне «Дынама». У сябе ў фэйсбуку яны напісалі, што з кіраўніцтвам стадыёна аргкамітэт ужо правёў папярэдняе абмеркаванне варыянту правядзення на гэтай пляцоўцы Дня Волі — 2019.

У «Дынама» заявілі, што ніякіх папярэдніх абмеркаванняў і дамоўленасцей з арганізатарамі Дня Волі не было. — Кіраўніцтва стадыёна паведамляе пра немагчымасць правядзення Дня Волі на тэрыторыі стадыёна, бо Нацыянальны алімпійскі стадыён з’яўляецца галоўнай спартовай арэнай краіны, галоўнай пляцоўкай для правядзення II Еўрапейскіх гульняў. Арыентаваны ён на правядзенне спартова-масавых, культурна-відовішчных мерапрыемстваў, але ў дадзены момант знаходзіцца ў актыўнай фазе падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў.

Адзін з арганізатараў Дня Волі Павел Белавус абвяргае інфармацыю, што ніхто з аргкамітэта нібыта не меў зносін з кіраўніцтвам «Дынама».

— Я 10 студзеня патэлефанаваў у «Дынама» і мяне звязалі з намеснікам гендырэктара па асноўнай працы Станіславам Вазняком. Я не хаваўся, хто мы і якое мерапрыемства хочам правесці — адразу сказаў пра Дзень Волі. Мне адказалі, што паколькі стадыён дзяржаўная ўстанова і яна падпарадкоўваецца Менгарвыканкаму, то спачатку нам трэба атрымаць дазвол у Менгарвыканкаме, і, калі ён будзе, яго «спусцяць» стадыёну. Што мы і зрабілі сёння. Таму гаварыць, што мы ні з кім не абмяркоўвалі гэтае пытанне, нельга.

* * * 

У Менгарвыканкам 16 студзеня пададзеная заяўка на правядзенне 24 сакавіка на стадыёне „Дынама” масавых мерапрыемстваў з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Як паведаміў БелаПАН старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, плануецца правядзенне дэманстрацыі, мітынгу і канцэрта. Меркаваная колькасць удзельнікаў — да 30 тысяч чалавек. Заяўка падпісаная ад імя дзвюх юрыдычных асоб — Партыі БНФ і культурнай пляцоўкі „Арт Сядзіба”.

У заяўцы на правядзенне акцыі гаворыцца, што „публічнае адзначэнне 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якое атрымала народную назву Дзень Волі, пройдзе пад лозунгам „Жыве Незалежная Беларусь”. Мерапрыемства накіравана „на нацыянальную кансалідацыю вакол каштоўнасцяў дзяржаўнага суверэнітэту, развіцця і ўмацавання беларускай нацыі, на прыцягненне ўвагі беларускага грамадства да спадчыны БНР, да неабходнасці нацыянальнага адзінства для абароны незалежнасці Беларусі”.

Аргкамітэт акцыі разлічвае, што менскія ўлады дазволяць правядзенне канцэрта на стадыёне „Дынама”, дзе 30 гадоў таму, 19 лютага 1989 года, адбыўся першы дазволены мітынг пад бел-чырвона-белымі сцягамі, арганізаваны аргкамітэтам БНФ і Канфедэрацыяй беларускіх аб’яднанняў.

„Гатовая інфраструктура стадыёна дазваляе камфортна змясціць больш за 30 тысяч чалавек, а таксама пазбавіць арганізатараў ад магчымых праблем пры дрэнным надвор’і. З кіраўніцтвам стадыёна папярэдне абмеркаваны варыянт правядзення на гэтай пляцоўцы Дня Волі – 2019. Атрымана інфармацыя, што ёсць магчымасць закрыць поле і бегавыя дарожкі спецыяльным пакрыццём, паставіць сцэну, забяспечыць наведвальнікаў харчаваннем і цёплымі напоямі праз шматлікія пункты продажу на стадыёне. Вялікія экраны і сцэна, новы прыгожы стадыён, тысячы людзей і ўрачыстая атмасфера — усё гэта дазволіць стварыць сапраўднае свята беларускага адзінства”, — заяўляюць у аргкамітэце.

БелаПАН