Дзень Волі адзначылі на Лідчыне



Традыцыйным чынам адзначылі Дзень Волі на Лідчыне. Грамадскія актывісты наведалі памятныя месцы і месцы пахавання змагароў за беларускую волю розных часоў – ад паўстання 1863 года да падзей Другой сусветнай вайны.

Абавязковай часткай праграмы адзначэння Дня Волі было наведванне месца пахвання Міністра абароны Беларускай Народный Рэспублікі – генерала Кіпрыяна Кандратовіча. Расказвае старшыня лідскай раённай арганізацыі Партыі БНФ і БНФ “Адраджэнне” – Сяргей Пантус:

– Адбылося традыцыйнае мерапрыемства. Мы ўшанавалі памяць усіх вядомых змагароў Лідчыны, якія змагаліся за волю Беларусі. І наведалі магілы людзей, якія непасрэдна звязаныя з БНР, напрыклад, генерал Кіпрыян Кандратовіч. Гэта нашае традыцыйнае мерапрыемства, мы штогод яго ладзім, бо трэба памятаць сваю гісторыю, гэта патрыятычнае выхаванне і наказ будучым пакаленням.

Завершылася адзначэнне Дня Волі наведваннем памятнага каменя “100 гадоў БНР”, які быў усталяваны за кошт мясцовага мецэната два гады таму ля грэка-каталіцкай капліцы па вуліцы Кастуся Каліноўскага ў Лідзе.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя