Дзень Волі Беларусі адзначылі ў Львове



25 сакавіка ў цэнтры Львова на плошчы Рынак каля будынка гарадской рады адбылася традыцыйная супольная беларуска-ўкраінская акцыя „Дзень Волі Беларусі”, штогодняе правядзенне якой ініцыяваў Рух Салідарнасці „Разам” у 2013 годзе.

Пачаў мерапрыемства адзін з вядомых лідараў украінскіх нацыяналістаў горада Юрко Антаняк, які ад імя сваіх паплечнікаў выказаў словы салідарнасці беларускаму народу ў барацьбе за сапраўдную незалежнасць і абарону нацыянальнай саматоеснасці.

Каардынатар Руху Салідарнасці „Разам” ва Украіне і сябра Беларускага цэнтра „Сябры” Алег Аўчыннікаў у сваёй прамове яшчэ раз падкрэсліў, што абвяшчэнне незалежнасці БНР ёсць адной з найзначных падзеяў у найноўшай гісторыі Беларусі.

Цягам акцыі, да якой далучаліся не толькі прадстаўнікі беларускай дыяспары і гараджане, але таксама госці Львова, штораз гучалі поклічы „Жыве Беларусь!” і словы падтрымкі беларускаму народу.

Завершылася мерапрыемства канцэртам беларускага барда Змітра Захарэвіча, які падчас выступу выканаў свае патрыятычныя песні і вершы.

Беларускае Радыё Рацыя