Дзень Волі і палітычныя спрэчкі



Стагоддзе БНР чарговы раз падзяліла беларускую апазіцыю. На гэты раз на радыкалаў-прыхільнікаў несанкцыянаванага шэсця: Статкевіча, Сіўчыка, Някляева і Вінярскага – і так званых канцэртных апазіцыянераў: Белавуса, Дашкевіча, Лабадзенку і правацэнтрыстаў.

„Канцэрт ля Опернага тэатра без ранейшых акцыяў Статкевіча таксама не адбыўся б», – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Калі б апазіцыя не напружвала ўладу, не выходзіла, не ставіла б пытанне пра пашырэнне абсягу свабоды, то, магчыма, і не было б гэтых саступак. Але разам з тым, калі Статкевіч пачынае кпіць з так званай канцэртнай апазіцыі, – гэта таксама несправядліва, бо і такія мерапрыемствы, умоўна кажучы, легальныя патрэбны дзеля пашырэння ўплыву на масы.

Чыя стратэгія перамагла? У гэтай палітычнай спрэчцы па выніках святкавання стагоддзя БНР рана ставіць кропку, апазіцыі трэба знаходзіць кропкі судакранання, дадае Аляксандр Класкоўскі.

– З гэтай рэзервацыі, з гэтага гета трэба выходзіць. І ў ідэале апазіцыя мусіць быць больш талерантнай, я маю на ўвазе ўзаемаразуменне паміж рознымі плынямі, і дзейнічаць паводле прынцыпу, паводле старой мудрасці: час раскідаць камяні і час збіраць камяні. Ёсць сітуацыі, калі трэба рабіць акцэнт на вулічныя акцыі, а ёсць сітуацыі, калі трэба рабіць акцэнт на такія легальныя імпрэзы.

Нагадаем, 25 сакавіка Статкевіч разам са сваімі прыхільнікамі планаваў правесці несанкцыянаванае шэсце, але гэтым планам перашкодзіў хапун на плошчы Якуба Коласа і прэвентыўныя затрыманні ў Менску і рэгіёнах. Санкцыянаваны ўладамі канцэрт і мітынг пад бел-чырвона-белымі сцягамі наведалі па падліках арганізатараў каля 50 тысяч чалавек.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя