Дзень Волі на Берасцейшчыне
У Баранавічах, Берасці, Кобрыні і Пружанах святочныя імпрэзы арганізаваныя Таварыствам беларускай мовы і дэмакратычнай супольнасцю. Спачатку планаваліся супольныя мерапрыемствы з мясцовымі ўладамі, перадае карэспандэнт нашага радыё Алеся Адамчук:
– 25 сакавіка 100-годдзе абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі не аб’яднала супольнасць Беларусі. Калі спачатку ўлады павярнуліся тварам да дэмакратычнай грамадскасці і самі прапанавалі святкаваць 100-годдзе БНР разам, то пасля 20-га сакавіка ўлада здала назад. Відаць быў пасыл ад Лукашэнкі, калі ён на выступе перад моладдзю сказаў пра БНР, што ведаць пра гэта трэба, але ганарыцца не варта. Пасля гэтага ў Пружанах дзяржаўныя музычныя калектывы адмовіліся выступаць падчас святочнага канцэрта. У Баранавічах музычны гурт “Фэст” раптоўна перадумаў выступаць на свяце па прычыне 50-годдзя кіраўніка. Баранавіцкія ўлады адмянілі дазвол на ўскладанне кветак. Кобрынскі камунальнікі назвалі завысокую цану арганізатару пікету Аляксандру Меху, запрасіўшы суму ў 263 рублі – гэта ўдвая больш, чым аплата міліцыі і медыцыны разам. Нягледзячы на гэта, адзначэнне стагоддзя БНР у гэтых гарадах адбудзецца.
Беларускае Радыё Рацыя