Дзень Волі на Піншчыне
Каля дваццаці пінчукоў у 102-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ўшанавалі памяць Рамана Скірмунта. Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі і запалілі знічы на магіле аднаго з кіраўнікоў БНР. Скірмунт пахаваны ў вёсцы Парэчча на ўскрайку ўнікальнага парку – помніка прыроды, які стварыў уласна напачатку ХХ стагоддзя.
Сябра Руху «За Свабоду» Алесь Рамановіч кажа, што такім ураджэнцам Піншчына павінна больш ганарыцца:
– Вялікі наш суайчыннік, які стаяў у вытокаў нашай беларускай дзяржаўнасці. Мы павінны ганарыцца, што ён наш, пінскі, што шмат чаго зрабіў. Было б няблага назваць вуліцу ў імя Скірмунта, помнік. Калі зрабіць нават помнік у тым самым Парэччы, у тым самым парку, было б вельмі добра.
Яшчэ за год да абвяшчэння БНР Раман Скірмунт узначаліў першы беларускі прадстаўнічы орган – Нацыянальны камітэт. У красавіку-траўні 1918 года Раман Скірмунт прадстаўляў інтарэсы БНР ва Украіне, а ў ліпені ўзначаліў урад рэспублікі.
Беларускае Радыё Рацыя