Дзень Волі на Піншчыне – традыцыі святкавання
Сёлета ўпершыню за шмат гадоў у Пінску падалі заяўку на правядзенне афіцыйнага масавага мерапрыемства з нагоды 103-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі. Ініцыятыву праявіла мясцовая арганізацыя сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. Надзеі на станоўчы адказ не было, але ў дадатак пачаўся ціск і з пінскай паліклінікі звольнілі маці дзяўчыны, якая ўсяго выступіла ў якасці кантактнай асобы ў заяўцы.
Ліст з гарадскога выканкама, як і ад службаў з кім трэба было скласці дамовы (дэпартамент аховы МУС, хуткая ды камунальнікі) прыйшоў акурат перад 25 сакавіка. Чыноўніцкае “не” аніяк не азначае таго, што пінчукі пакінуць па-за ўвагай такі лёсавызначальны дзень у гісторый нашай краіны. Канечне, былі часы ў 90-я гады, калі правядзенне Дня Волі ўсё ж узгаднялі ў гарвыканкаме, але маем зусім іншыя ўмовы. Ужо з 2000-х гадоў грамадская супольнасць Пінска знайшла некалькі годных варыянтаў адзначэння гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР.
25 сакавіка 1999 года. Гэты здымак з подпісам “Будучыня Беларусі” з’явіўся на вокладцы ў красавіцкім выпуску часопіса “Беларускія ведамасьці”, які да нядаўняга часу выдаваўся ў Польшчы.
25 сакавіка 1999 года. Акцыя ў скверы каля Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.
Наведванне магілы прэм’ер-міністра БНР Рамана Скірмунта ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна (гл.: Раман Скірмунт. 80-я гадавіна забойства). Упэўнены, што нават калі б і ў самім Пінску ладзіліся санкцыянаваныя мерапрыемствы – наведванне пахавання слыннага земляка ўся роўна было б у праграме пінскага Дня Волі. Сюды прыяжджаюць пінчукі, якія прадстаўляюць розныя палітычныя плыні і наўпрост удзячныя нашчадкі.
Дзень Волі – 2018. Пінскі раён, вёска Парэчча, грамадскасць наведвае магілу Рамана Скірмунта.
25 сакавіка 2020 года, ўшанаванне памяці прэм’ер-міністра БНР.
Яшчэ адзіны варыянт – выезд у вёску Калоднае, што ў Столінскім раёне. Так у 2000-я гады рабілі пінскія актывісты Кансерватыўна Хрысціянскай Партыі – БНФ “Адраджэнне”. У вёсцы стаіць вялізны крыж і побач з ім помнік з адзіным надпісам “1863”. Ён усталяваны ў гонар забітых паўстанцаў. Таксама тут захаваліся рэшткі сядзібы Хэлены Скірмунт, якая дапамагала барацьбітам за волю ад Расейскай імперыі, за што яе з сям’ёй арыштавалі і саслі ў Тамбоў.
Дзень Волі – 2020. Парэчча, на магіле Рамана Скірмунта.
Было і такое, што неабыякавыя да сваёй мінушчыны пінчукі збіраліся 25 сакавіка на старажытных гарадскіх могілках, каб добраўпарадкаваць некаторыя пахаванні. Гэта сапраўдны пантэон. Тут знайшлі адвечны спачын вядомыя грамадска-палітычныя, рэлігійныя і культурніцкія дзеячы, чые імёны знакавыя не толькі для Беларусі. Напрыклад, ужо ўзгаданая Хэлена Скірмунт, яе маці, публіцыстка, гісторык Канстанцыя Скірмунт, бацькі другога пінскага біскупа Казіміра Букрабы, стваральнік пінскай карціннай галерэі Уладзімір Баравікоў і г.д.
Дзень Волі – 2006. Калоднае, ушанаванне памяці палеглых паўстанцаў, з архіва Яўгена Шатохіна.
У любым выпадку пінчукі ведаюць і маюць варыянты, як годна адзначыць чарговую гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя