Дзень Волі на прыступках райвыканкама



Пікеты на прыступках Глыбоцкага райвыканкама ладзілі мясцовыя грамадскія актывісты ў Дзень Волі. Але гэта было ў 90-х гадах мінулага стагоддзя і з дазволу ўладаў.

З прыходам Лукашэнкі паступова глыбоцкіх дэмакратаў, як і сталічных, адціснулі на менш люднае месца – да Глыбоцкага дома культуры.

А пасля гэтая традыцыя перарадзілася ў акцыю па наведванні гістарычных месцаў, звязаных з гісторыяй БНР. Глыбокаму ў гэтым сэнсе пашчасціла – у горадзе нарадзіўся стваральнік бел-чырвона-белага сцяга Клаўдый Дуж-Душэўскі і былы прэм’ер-міністр БНР Вацлаў Ластоўскі.

Як кажа былы кіраўнік суполкі БНФ у Глыбокім і краязнаўца Уладзімір Скрабатун, глыбоцкім уладам трэба падзякаваць за тое, што яны ўвекавечылі іх памяць:

– У нас у Глыбокім усе дзеячы БНР увекавечаныя альбо бюстам, альбо мемарыяльнай шыльдай. Можна сказаць, што можна ганарыцца, што ў нас усё так добра склалася, і ўлады гэта падтрымалі.

Зміцер Лупач, журналіст:

– У Глыбокім ужо колькі гадрў таму склалася традыцыя адзначаць дзень незалежнасці. Як мы былі маладзейшымі, ездзілі таксама ў Менск на імпрэзы, а зараз стараемся адзначаць дома, таму што на Глыбоччыне нарадзіліся такія людзі як Вацлаў Ластоўскі і Клаўдый Дуж-Душэўскі – чалавек, які стварыў макет бел-чырвона-белага сцяга.

Паводле краязнаўцы і выдаўца з Паставаў Міхася Гіля, яны таксама, як і глыбачане, пачынаючы з 90-х гадоў бесперапынна адначаюць Дзень Волі. А самую лепшую імпрэзу яны правялі, калі было 70-годдзе заснавання БНР:

– У нас быў вялікі канцэрт, вялікая імпрэза ў раённым Доме культуры на даволі высокім узроўні. Там нават выступалі вайскоўцы, памежнікі, былі барды. Прыязджалі з Менску два дэпутаты Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь – Віктар Каколка з Наваполацка і Яўген Тумараў з Менску. А таксама прыязджаў прафесар, доктар эканамічных навук Уладзімір Андрэевіч Кулажанка.

Як пастаўскія грамадскія актывісты, так і глыбоцкія едзілі часта і ў Менск на імпрэзы, прымеркаваныя да Дня Волі. І, паводле актывістаў, іх здзіўляла тое, што з рэгіёнаў у 90-х і 2000-х гадах прыязджала больш народу, чым з самой сталіцы прыходзіла на мітынгі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіваў Уладзіміра Скрабатуна і Таццяны Смоткінай