Дзень Волі ў Глыбокім
Дзень Волі азначылі таксама ў рэгіёнах. У Глыбокім святкаванне традыцыйна пачынаецца з наведвання “Алеі славутых землякоў”. Грамадскія актывісты спачатку ўсклалі кветкі да бюста былога прэм’ер міністра БНР Вацлава Ластоўскага.
Потым наведалі дом, дзе ўсталяваная памятная дошка аўтару бел-чырвона-белага сцяга Клаўдыюшу Дуж-Душэўскаму. Кветкі да шыльды разам з актывістамі ўсклаў цяперашні гаспадар дома спадар Раймунд Салодкі.
Па словах грамадскага актывіста Змітра Лупача, хоць гэтае свята не так і шырока святкуецца, як павінна было б, але ўладам таксама не трэба забывацца на тое, дзякуючы чаму яны займаюць свае высокія пасты ў Беларусі:
– Хаця ўлада і ганяе за гэтае свята, але яны таксама займаюць свае пасады не ў малой ступені дзякуючы таму, што ў 1918 годзе была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. І гэта было падставай таму, што тагачасны бальшавіцкі ўрад пад кіраўніцвам Леніна мусіў стварыць Беларускую ССР, і дзякуючы гэтаму ў 91-ым годзе, калі распадаўся Савецкі Саюз, Беларусь атрымала незалежнасць. І цёткі, дзядзькі, якія намі кіруюць, кім бы яны былі, калі б не было незалежнай Беларусі. Сядзелі б па сваіх калгасах, і іх кар’ерны рост быў бы не выйшэйшы раёну.
Напрыканцы грамадскія актывісты наведалі Копцеўскі цвінтар. На магілу Альберта Бацяноўскага, студэнта Глыбоцкай педвучэльні, сябра падпольнай арганізацыі Саюза Беларускіх Патрыётаў, вязня ГУЛАГу таксама былі ўскладзеныя кветкі і прачытаная малітва.
Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае