Дзень Волі ў Глыбокім
Дзень Волі адзначылі грамадскія актывісты Глыбокага. 25 сакавіка яны сабраліся разам, каб ушанаваць памяць знакамітых землякоў – Вацлава Ластоўскага і Клаўдыя Дуж-Душэўскага і павіншаваць адно аднаго са святам.
Падчас мерапрыемства актывісты ўсклалі кветкі да бюста і шыльды вядомым землякам, а таксама на магілу сябра Саюза беларускіх патрыётаў Альберта Бацяноўскага. Напрыканцы запусцілі бел-чырвона-белы сцяг у паветра як сімвал волі, гонару і годнасці.
Па словах актывіста Змітра Лупача, Дзень Волі адзначаецца на Глыбоччыне штогод, бо менавіта тут нарадзіліся аўтар бел-чырвона-белага сцяга і прэм’ер-міністр БНР:
– Нас сабралася нават больш, чым на 100-годдзе. Можа летась нас і „паслі”, але цяпер адкрыта з відэакамерай і хіба не з адной. Групы па два чалавекі. Разам з імі нас было недзе чалавек 15, але гэта толькі тых, што мы бачылі. Можна сказаць, што ў Глыбокім акцыя была масавая.
Дзень Волі адзначалі і на Лепельшчыне. Як кажа грамадскі актывіст з Лепеля Зміцер Судак, Дзень Волі могуць дазволіць сабе святкаваць толькі вольныя ды моцныя духам людзі, а не рабы:
– Для мяне Дзень Волі – гэта першае свята ў палітычным плане. Не было б гэтага дня, не было б і абвяшчэння БССР, а потым не было б і незалежнасці Беларусі. Яго трэба адзначаць годна кожнаму. Чаму гэта свята не адзначаецца ў грамадстве? Няма гэтай волі ў некаторых, бо як могуць рабы адзначаць Дзень Волі. Я больш вольны чалавек, таму гэта свята адзначаю годна.
Падчас мерапрыемства ў Глыбокім усе дзеянні актывістаў здымалі 4 супрацоўнікі міліцыі ды КДБ. Сярод іх быў і капітан міліцыі Сяргей Цырбан, які складае на незалежных журналістаў пратаколы за іх прафесійную дзейнасць. Затрыманняў актывістаў у Глыбокім не было.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя