Дзень Волі ў Глыбокім



Дзень Волі адзначылі грамадскія актывісты Глыбокага. На пачатку яны ўшанавалі памяць былога прэм’ер-міністра БНР Вацлава Ластоўскага, усклалі кветкі да яго бюста на Алеі славутых землякоў. А потым запусцілі бел-чырвона-белыя балонікі як сімвал волі і свабоды. 

Міліцыянты сёлета сачылі за актывістамі з машыны, але ў адкрытую не здымалі на камеру, як было год таму. Напрыканцы адбылася агульнага бяседа на сядзібе грамадскага дзеяча Яраслава Берніковіча, дзе ў гэты дзень залунаў бел-чырвона-белы сцяг.

Як кажа Яраслаў Берніковіч, Глыбоччына актыўная, тут па-іншаму і быць не можа, бо менавіта ў Глыбокім нарадзіліся адны з самых вядомых дзеячаў БНР:

– Вацлаў Ластоўскі, Дуж-Душэўскі нарадзіліся ў Глыбокім. Каб Глыбокага не было, не было б, напэўна, і БНР. Гэта, канешне, умоўна, усё адно Беларусь ёсць, яна была і яна будзе. Мы – асобная нацыя, якая стварылася не ў васямнаццатым годзе, а стваралася стагоддзямі, і яна жыве і будзе жыць.

Паводле Яраслава Берніковіча, вельмі добра, што ў Глыбокім існуе суполка грамадскіх актывістаў, якія падтрымліваюць дэмакратычныя ідэі і праводзяць разнастайныя імпрэзы. «Прыемна бачыць, што да іх далучаецца і моладзь», – кажа актывіст.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Смоткінай і Леаніда Юрыка