Дзень Волі ў Гомелі



У Гомелі адсвяткавалі 101-ую гадавіну з моманту абвяшчэння БНР. Некалькі дзясяткаў актывістаў дэмсілаў наведалі месцы, звязаныя з гісторыяй беларускага нацыянальнага руху.

Ля магілы прадстаўніка Рады БНР Цімоха Вострыкава грамадскі дзеяч Уладзімір Кацора выказаў спадзяванне, што некалі ва ўсім грамадстве пачнуць успрымаць гэтага чалавека героем.

– На гэтым месцы будзе і не толькі такі сціплы помнік Вострыкаву, і не толькі грамадскасць знойдзе нейкія сродкі, каб гэтую магільную пліту падняць, але ўлады ўсё ж прызнаюць Цімоха Вострыкава нацыянальным героем, які насамрэч аддаў жыццё і здароўе за нашу незалежнасць.

Гомельскі палітык Васіль Палякоў ля помніка герою Украіны Міхасю Жызнеўскаму заўважыў, што беларусам трэба яшчэ шмат высілкаў прыкладаць, каб зберагчы незалежную краіну.

– І ў наш час даводзіцца змагацца за тое, каб незалежнасць была сапраўднай, каб гэта была не папяровая незалежнасць, а быў суверэнітэт, тая свабода, тая воля, патрэбная людзям для развіцця, для таго, каб быў прагрэс, каб была дэмакратыя.

У гэтыя хвіліны ў грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палеская ў Гомелі працягваецца святкаванне 101-й гадавіны з моманту абвяшчэння БНР. Для прысутных спявае бард Вальжына Цярэшчанка.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель