Дзень Волі ў Менску



Канцэрт і мітынг да стагоддзя БНР завершыліся ў Менску. Ля опернага тэатра па заявах арганізатараў ва ўрачыстасці прынялі ўдзел каля 50 тысяч чалавек. На сцэне быў разгорнуты велізарны бел-чырвона-белы сцяг. 

Мерапрыемства скончылася выкананнем «Мы выйдзем шчыльнымi радамі». 

* * * 

Непаслядоўныя і рэпрэсіўныя, як заўсёды, дзеянні цяперашняй улады могуць азмрочыць святкаванне Дня Волі, але не могуць пахіснуць важнасці гістарычных падзеяў, якія прывялі да незалежнасці, – кажа старшыня Руху „За Свабоду”, адзін з арганізатараў мітынгу – канцэрту ў Менску ў гонар стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі Юрась Губарэвіч:

– Сённяшняя ўлада – часовая, а незалежнасць нашай краіны – назаўсёды. Людзі, якія сёння сабраліся, прыхільнікі ідэі незалежнасці. Тое, што робяць праваахоўныя органы, калі затрымліваюць людзей проста на вуліцы, альбо па дарозе ў Менск, гэта абуральна. І мы можам толькі асудзіць гэты факт.

Юрась Губарэвіч выказаў спадзяванне, што ўсе затрыманыя будуць вызваленыя, таму што ў іх дзеяннях няма ніякага складу правапарушэння. А па папярэдніх дадзеных Праваабарончага цэнтру „Вясна”, у Менску затрымана 54 чалавекі, у рэгіёнах – яшчэ 44.

* * *  

25-га сакавіка 2018 года адзначаюцца 100-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Святочныя мітынг і канцэрт праходзяць каля Опернага тэатра ў Менску, яны дазволены ўладамі.

Фота БелаПАН

З падрабязнасцямі нашая  карэспандэнтка Алена Вільтоўская:  

– Праходзіць вялікае святочнае мерапрыемства. Пачаломя яно а 13-й выступленнем гуртоў «Мутнаевока» і Amaroka. Пасля была ўрачыстая частка. Прагучалі прывітанні ад беларусаў замежжа. Прывітальнае відэа даслала Івонка Сурвіла. Было зачытана прывітанне ад Святланы Алексіевіч, якая не змагла прысутнічаць на мерапрыемстве. І зараз працягваецца вялікі музычны канцэрт, які будзе доўжыцца да 19-й гадзіны вечара.  Уся плошча каля Опернага тэатра запоўнена людзьмі. Лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі.

Трэба адзначыць, што Дзень Волі ў Менску, аднак, пачаўся затрыманнямі.

З Менску перадае наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч:

– Выступаў гурт Amaroka, зараз выступае Мутнаевока. Уваход да Опернага тэатра заняты доўгімі чэргамі па 80-100. Актыўна распрадаецца сувенірная прадукцыя. Ёсць праблема з інтэрнэтам і мабільнай сувяззю, не заўсёды можна дазваніцца і адправіць паведамленне.

 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота facebook.com/belavus