Дзень Волі ў Менску (абноўлена)
У Менску ў Кіеўскім скверы 24 сакавіка адбылося святкаванне Дня Волі.
Тысячы людзей прыйшлі, каб паслухаць выступы палітыкаў і рок-музыкантаў з некалькіх беларускіх гуртоў, такіх, як „Водар”, „Разбітае сэрца пацана”, „Дай дарогу”, „NRM” і іншых. Падчас свята працавалі гандлёвыя кропкі, таму можна было выпіць кавы ці гарбаты, нават паесці шашлыку, набыць нацыянальныя сувеніры і сімвалы.
Мітынг адкрыў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі:
– Быць годнымі нашчадкамі – гэта не толькі ўшаноўваць іх памяць. Гэта таксама працягваць іх справу, бараніць Беларусь і яе незалежнасць. А незалежнасць Беларусі пачынаецца з ушанавання продкаў, нацыянальнах сімвалаў і адраджэння нашай роднай беларускай мовы. Бо той, хто зганьбіць родны сцяг, тое самае, што плюне ў твар свайму бацьку. А хто адмовіцца ад роднай мовы, усё адно што забудзецца родную маці! Таму мы прапануем разам з вамі распачаць кампанію “Наш сцяг, наша мова, наша незалежнасць”!
Алена Анісім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны:
– Свята Дзень Волі пашыраецца і геаграфічна, і ў часе. Свята святам, але і ў будні нельга забывацца пра ідэалы БНР. Мы кожны дзень можам штосьці рабіць для пашырэння беларускай мовы: вучыць сваіх дзетак у беларускамоўных садках, беларускамоўных школах, ва ўніверсітэце на беларускай мове. І тым самым выхоўваць многія наступныя пакаленні ў павазе і пашане да гісторыі свайго народа. Тым самым пацвярджаючы сваю адданасць агульнаеўрапейскім каштоўнасцям і ўласна Беларускім.
Анатоль Лябедзька, палітык, дырэктар цэнтра “Еўрапейскі дыялог”:
– Дзень Волі – гэта тое свята, якое набірае з кожным годам. Людзей, для якіх Дзень Волі – штосьці важнае, становіцца ўсё больш і больш. Вельмі важна, што і ўлада ўжо сама прызнае гэта не de iure, а de facto. Калі мы гаворым пра Менск, то колькі тут білбордаў: “За Беларусь!” Фактычна гэта версія “Жыве Беларусь!” Так што цягам часу тэма толькі набірае.
Галіна Пархімчык: Для мяне гэта сапраўднае свята, свята нашай краіны. Мы хочам жыць у вольнай Беларусі, будаваць сваю ўласную дзяржаву, будаваць шчасце сваіх дзяцей. І хацелася б, каб Беларусь у поўным сэнсе стала незалежнай. Расея ўвесь час кажа пра паглыбленне, інтэграцыю. Гэта патыхае нават інкарпарацыяй. Я вельмі гэтага баюся. Расея заўсёды хоча некага паглынуць, русіфікаваць. Гэта вельмі небяспечна. Бог стварыў розныя нацыі і розныя мовы даў людзям. І таму гэтая палітыка, якую праводзіць Крэмль, яна нават супраць Бога.
Вадзім Саранчукоў, кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі партыі БНФ і адзін з арганізатараў Дня Волі ў Гародні , з’явіўся і на менскім святкаванні.
РР: Як уражанні? Параўноўваеце, мабыць, два святы?
Вадзім Саранчукоў: Абсалютна не параўноўваю. У нас няма двух святаў. У нас адзін Дзень Волі. Таму нам няма чаго дзяліць. Я перакананы, што гэтае свята павінна святкавацца ў кожным горадзе, у кожным мястэчку, у кожнай сям’і. Заклікаю да гэтага ўсіх беларусаў. Толькі тады Беларусь сапраўды стане вольнай. Са святам!
Свята адбылося і атрымалася маляўнічым, эмацыйным, узнёслым. Але яго сапсавала затрыманне міліцыяй былога лідара Маладога Фронту Змітра Дашкевіча пасля яго вострага выступу на мітынгу. Змітра адвезлі ў РАЎС Цэнтральнага раёну Менску.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
* * *
Напрыканцы ўдзельнікі святочнага мітынгу-канцэрту выканалі гімн „Магутны Божа”. На гэтым адзначэнне Дня Волі ў Менску скончылася.
18.30. На сцэну выйшлі арганізатары святочнага мерапрыемства. Ігар Барысаў, Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова зачыталі рэзалюцыю-адозву да уладаў і грамадзян Рэспублікі Беларусь. У ёй заклікаецца да выканання заканадаўства, адраджэння беларускай мовы і абароны суверэнітэту. Уладзе агучаныя патрабаванні грамадзянскіх свабодаў. Віталь Рымашэўскі звярнуўся персанальна да міністра МУС Шуневіча з патрабаваннем неадкладна вызваліць Змітра Дашкевіча. Міліцыя сцвярджае, што ніхто Дашкевіча не затрымліваў, але ніякай інфармацыі пра яго месцазнаходжанне дагэтуль няма.
18.00. Апошнім выступае гурт N.R.M. Музыкі выканалі ведамыя хіты. Пад кіраваннем Піта Паўлава прысутныя, пакуль не працаваў генератар, усе разам выканалі славутыя „Тры чарапахі”.
У Менску працягваецца святочны канцэрт, які працягнецца да 18.00-18.30. Дзе знаходзіцца затрыманы Зміцер Дашкевіч па-ранейшаму невядома.
16.30. Быў затрыманы Віталь Рымашэўскі, якога схапілі міліцыянты. Аднак, Рымашэўскага неўзабаве адпусцілі, калі паступіў адпаведны загад. Нагадаем, што Віталь Рымашэўскі якраз адзін з арганізатараў святочнага мерапрыемства. Адпусціўшы, яго папярэдзілі каб ён больш „не здымаў людзей у цывільным і не рабіў такім чынам правакацый”. Рымашэўскі назваў правакацыяй яго затрыманне, а таксама затрыманне Змітра Дашкевіча.
15.45. Стала вядома, што пасля выступу Змітра Дашкевіча ён быў затрыманы людзьмі ў цывільным на вачах сваіх дзяцей і жонкі. Жонка Дашкевіча паведаміла, што яго затрымлівала ажно 6 чалавек. На мітынгу Зьміцер Дашкевіч заклікаў павіншаваць з Днём Волі праваахоўнікаў і іншых, а таксама зачытаў імёны заснавальнікаў БНР, забітых бальшавікамі, а таксама заклікаў прыйсьці ў Курапаты.
Яшчэ раней на ўваходзе ў Кіеўскі сквер была затрыманая грамадская актывістка Наталля Басалыга. Праваабаронцам „Вясны” стала вядома, што яна знаходзіцца ў РАУС Цэнтральнага раёну Менску. Яе затрымлівалі два супрацоўнікі міліцыі ў форме, але не прадстаўляліся і не тлумачылі прычынаў затрымання.
Адзін з лідараў АГП Анатоль Лябедзька так характарызуе Дзень Волі:
Святы розныя, іх багата ў календары – адны, якія чахнуць, прыкладам угодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая з кожным годам губляе сваіх прыхільнікаў, ёсць тыя, якія стабільныя – скажам Новы год, а вось Дзень Волі – гэта тое свята, якое з кожным годам набірае людзей. Для іх Дзень Волі – гэта нешта надзвычай важнае. Гэта адметнасць гэтага свята, якое з кожным годам будзе ўсё больш набіраць.
Дэпутатка Алена Анісім кажа пра актуальнасць свята:
Свята Дзень Волі дэманструе тое, што яно пашыраецца. І геаграфічна і ў часе. Як у добрай заможнай хаце свята ідзе тры дні. Святкавалі ў суботу, святкуем сёння і святкаваць будзем заўтра. Але за святкаваннямі важна, каб мы не ўпусцілі такі момант: свята святам, але і ў будні не трэба забывацца пра ідэалы БНР. Не трэба забывацца пра тое, што мы можам кожны дзень штосці зрабіць для пашырэння беларускай мовы.
У Менску пачаўся канцэрт-мітынг прысвечаны 101-й гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, які арганізаваны апазіцыйнымі палітычнымі сіламі ў Кіеўскім скверы.
Асноўнай яго тэмай і ідэяй з’яўляецца тэма беларускай незалежнасці, заявіў напярэдадні мерапрыемства адзін з яго арганізатараў, лідар Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч:
– 101-я ўгодкі – гэта добрая нагода нагадаць беларусам, што была ў гісторыі такая спроба стварэння па сапраўднаму незалежнай беларускай дзяржавы ў складаных умовах тых часоў. На сёння гэтыя складанасці застаюцца, і пагроза для беларускай незалежнасці, суверэнітэту застаецца. Менавіта таму мы будзем падымаць пытанне пра выхад з саюзнай дамовы. Менавіта таму мы будзем таксама казаць пра неабходнасць выхаду з усіх ваенных пагадненняў АДКБ і г. д. Пад гэта будзе праводзіцца збор подпісаў.
І гэта фактычна стане стартам шырокай грамадскай кампаніі па аслабленню палітычнай, эканамічнай, ваеннай залежнасці ад Расеі, сказаў Юрый Губарэвіч.
Кажа суарганізатар і сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец:
– Дзень сонечны, чакаем шмат людзей. Самае галоўнае, што мы чакаем ад сённяшняга Дня Волі – гэта адзінства. Збіраемся ў той час, калі Крэмль у адкрытую рыхтуе паглынанне Беларусі. Мы збіраемся ў той час, калі Лукашэнка ў раздроб гандлюе незалежнасцю, калі беларусаў працягваюць душыць – забіраць пенсіі, душаць кантрактамі, падаткамі на беспрацоўе, штрафамі.
У руках людзі трымаюць дзясяткі бел-чырвона-белых і партыйных сцягоў. Пачаўся выступ першых гуртоў.
Мерапрыемства ўзгоднена. Выкарыстанне нацыяльнай сімволікі дазволена.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск