Дзень Волі ў Вільні



103-ю гадавіну БНР 25 сакавіка адзначылі беларусы Літвы і салідарныя з імі жыхары Вільні. Раніцай лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Науседам. Затым міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс і Святлана Ціханоўская ўсклалі кветкі на магілы змагароў за свабоду на Віленскіх могілках Росы. 

Свята працягнулася на плошчы Лукішкі, дзе выступілі лідар беларускай грамадзянскай супольнасці Святлана Ціханоўская, літоўскія палітыкі, актывісты, грамадскія дзеячы.

Адтуль беларуская дыяспара Літвы арганізавала масавы марш па вуліцах Вільні. Падчас шэсця ў гонар Дня Волі ўдзельнікі пранеслі па горадзе 300-метровы бел-чырвона-белы сцяг, узначаліла шэсце Святлана Ціханоўская.

Удзельнікі маршу дайшлі да беларускай амбасады, там запалілі  300 знічаў у гонар палітзняволеных. Падчас імпрэзы быў зладжаны салют.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя