Дзень вышыванкі ў Менску
У Менску пройдзе Дзень вышыванкі. Гэтым разам адным з арганізатараў свята народных строяў выступае праўладная моладзевая арганізацыя – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, дзейнасць якой у грамадстве ацэньваецца неадназначна. За апошні год нацыянальныя арнаменты набылі вялікую папулярнасць.
Сітуацыю каментуе беларуская мадэльер Святлана Длатоўская, якая пачала насіць вышыванкі яшчэ з канца 90-х гадоў:
– Узнікла нейкае жаданне насіць арнаментаванае адзенне. Чаго яно ўзнікла? Я магу спасылацца толькі на свой уласны досвед, вось у нейкі момант у мяне ўзнікла такое жаданне – апрануць вышыванае адзенне. Я ўзяла сабе вышыла і апранула. Усе глядзелі па-рознаму, камусьці падабалася, а нехта лічыў вар’яткай. Я ў той момант напэўна больш прыслухоўвалася да свайго я. Я лічыла, што мне гэта трэба, я гэтага хачу, я гэта рабіла. Ну вось праз пятнаццаць год гляджу народ падцягнуўся, нешта дзеецца, нешта зрэзаніравала ў душах людзей.
У святкаванні, якое мае адбыцца каля Палаца спорту, запланаваныя шэсце ўдзельнікаў, выстава-продаж вырабаў майстроў народных промыслаў, а таксама канцэртная праграма.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя