Дзесяць 100-гадовых датаў, якія варта ўшанаваць ў 2017-ым
Прапануем вашай увазе 10 юбілейных „стогадовых” датаў, якія не павінна ў 2017 годзе пакінуць без увагі беларуская грамадскасць.
13 сакавіка
100 гадоў таму ў Пецярбургу загінуў Уладзімір Хлябцэвіч, удзельнік беларускага грамадзка-літаратурнага руху пач. 20 ст. Нараджэнец Жыровічаў. Пахаваны на чужыне ў Сызрані (Самарская вобласць).
27 красавіка
100 гадоў таму ў Варшаве памёр Лазар Замэнгоф, лекар, вынаходнік мовы эсперанта, які нарадзіўся ў Беластоку і пэўны час жыў у Гародні.
Шыльда ў гонар вынаходніка эсперанта на вуліцы Заменгофа ў Беластоку, фота аўтара
25 траўня
100 гадоў таму памёр Максім Багдановіч, беларускі паэт, перакладнік, крытык. Пахаваны ў Ялце на старых гарадскіх могілках.
Дом-музей Максіма Багдановіча ў Гародні, фота аўтара
30 ліпеня
100 гадоў таму памёр Ян Курчэўскі, беларускі каталіцкі духоўнік, гісторык, педагог. Нараджэнец мястэчку Данюшава (Смаргонскі р-н).
Храм у Данюшаве, дзе служыў Ян Курчэўскі, фота аўтара
4 жніўня
100 гадоў таму ў Адэсе нарадзіўся Янка Брыль, беларускі народны пісьменьнік.
Янка Брыль у майстэрні Заіра Азгура
23 жніўня
100 гадоў таму ў Таліне (Эстонія) нарадзіўся Пімен Панчанка, народны паэт Беларусі.
Максім Танк, Пімен Панчанка і Піліп Пестрак на з’ездзе пісьменнікаў у Маскве, 1954 год, фота з фондаў БДАМЛМ
5 верасня
100 гадоў таму ў в. Гарадэчна (Наваградскі раён) нарадзіўся Язэп Сажыч, дзеяч беларускай эміграцыі (ЗША), старшыня рады БНР з 1982 па 1997.
Язэп Сажыч (справа) з Яўгенам Усюкевічам на Наваградскім замчышчы
22 верасня
100 гадоў таму на Заходнім фронце памёр Ігнат Буйніцкі, беларускі актор, рэжысёр, пачынальнік беларускага нацыянальнага тэатру. Быў пахаваны каля Маладэчна на салдацкім могільніку ля вёскі Палачаны, пазней перапахаваны ў в. Палевачы (Глыбоцкі р-н).
Трупа Буйніцкага пасля выступу ў Спорцінг-Палацы. Фота 1912 году.
21 кастрычніка
100 гадоў таму ў Петраградзе выйшаў першы нумар газеты “Беларуская крыніца” (“Bielaruskaja krynica”). № 3 выйшаў у Менску, з 7.9.1919 да 12.7.1940 выдавалася ў Вільні. Выходзіла з перапынкамі, друкавалася то лацінкай, то кірыліцай, у 1934-39 – абодвума шрыфтамі.
14-18 снежня
100 гадоў таму ў Менску адбыўся Першы Ўсебаларускі кангрэс. Быў разагнаны бальшавікамі ў ноч з 17 на 18 снежня 1917 году. Пасля гэтага на нелегальным паседжанні была абраная Рада Усебеларускага з’езду.
Былы менскі гарадскі тэатр (цяпер Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы), у якім праходзіў кангрэс
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя