Дзесяць гадоў без Валерыя Задалі



Дзесяць гадоў таму ў Гародні памёр нацыянальны, грамадскі дзеяч Валер Задаля. Яму было 54 гады. Добрую памяць ён пакінуў для журналісцкай супольнасці, беларускай асветы.

Працаваў галоўным рэдактарам наваградскай газеты „Новае жыццё”, у гарадзенскім тэлебачанні, у Таварыстве Беларускай Школы.  Яго місія беларуса-асветніка доўжылася да яго раптоўнай смерці.

Кажа яго былы калега па журналісцкай працы на тэлерадыёаб’яднанні Георг Астроўскі:

— Інсульт. І працаваў. Але працаваў шчыра. Я хадзіў да яго туды на Будзёнага, 48а, той добра вядомы нам адрас. Вось яны ўдвох працавалі з Аляксандрам Хілімонам і рабілі ўсё, каб у інтэрнэце з’явілася як мага больш менавіта праўдзівых гістарычных допісаў, досведу пра тое, якой была літаратура, культура, гісторыя нашага Гарадзенскага краю. І гэта ў іх атрымлівалася, але на жаль…

У памяці гарадзенцаў Валер Задаля застаўся яркай асобай, які, працуючы на гарадзенскім тэлебачанні дамогся таго, што ўсе праграмы вяліся па-беларуску, даваў мікрафон людзям розных поглядаў, пашыраў грамадcкую актыўнасць жыхароў. Пахаваны Валер Задаля на гарадзенскіх могілках «Аульс».

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя