Дзесяцярым жыхарам Пінска пагражае ад 3 да 8 гадоў зняволення



Яны з’яўляюцца фігурантамі крымінальнай справы па часцты 2 артыкула 293 „масавыя беспарадкі”. Іх вінавацяць у сутычках з міліцыянтамі, якія адбыліся каля Пінскага гарадскога выканкама ў ноч з 9-га на 10-е жніўня.

Праваабаронца Алесь Рамановіч перакананы, што сітуацыю справакавалі міліцыянты, калі паспрабавалі атачыць дэманстрантаў:

– Быў дадзены нейкі бяздумны загад заціснуць людзей, выціскаць адтуль. Хаця людзей было значна больш, чым міліцыі. Калі так падумаць, то ў сітуацыі, якая была да таго, нічога б гэтага не адбылося. Гэтыя людзі даволі такі доўга там стаялі, нават ужо пачалі стамляцца і разыходзіцца. Вось чаму я і лічу, што загад справакаваў гэтыя падзеі.

Пасля закрыцця выбарчых участкаў, увечары 9-га жніўня, тысячы пінчукоў пачалі збірацца каля будынку выканкама, каб пачуць вынікі галасавання па Пінску. Праз некалькі гадзінаў, стыхійны мітынг паспрабавалі разагнаць і ў выніку адбыліся сутычкі.

Беларускае Радыё Рацыя