Дзеткі Гарадзеншчыны – за прафілактыку анказахворванняў
Малыя дзеткі з Гародні прынялі ўдзел у кліпе, дзе распавядаюць пра прафілактыку анкалагічных захворванняў. Дзеткі рознага ўзросту кажуць пра тое, якія могуць быць сімптомы хваробаў нават у малым узросце. Кліп быў створаны да Міжнароднага дня дзяцей, якія хварэюць на анкалогію. Такі дзень адзначалі ва ўсім свеце 15 лютага.
Пра мэты гэтага кліпа са слухачамі Беларускага Радыё Рацыя падзялілася дырэктарка гарадзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Шульга:
– Да нас звяртаюцца дзеці з чацвёртай ступенню анкалогіі. Гэта значыць, што недзе бацькі штосьці прапусцілі. І для таго, каб бацькі маглі бачыць сімптаматыку, маглі заўважаць нейкія змяненні, мы зрабілі такі ролік, дзе кажны з бацькоў можа пабачыць, звярнуць увагу на тое, якія могуць быць сімптомы развіцця анкалогіі на першай і другой ступені.
Пад апекай гарадзенскага дзіцячага хоспіса, што дзейнічае ў горадзе амаль 8 гадоў, знаходзіцца 76 сем’яў з цяжка і невылечна хворымі дзецьмі, і прадстаўнікі хоспіса не хочуць, каб іх колькасць павялічвалася.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота facebook.com