Дзеці з Гародні кажуць пра анкалогію па-беларуску



Гарадзенскі дзіцячы хоспіс прадставіў сацыяльны ролік на тэму анкалогіі па-беларуску.

Беларускамоўны ролік зроблены  ў межах акцыі “З верай у добрыя справы і людзей” пры падтрымцы  гарадзенскай  дзіцячай паліклінікі №2. Яго галоўнымі героямі з’яўляюцца дзеці, якія расказваюць простымі словамі пра вельмі сур’езныя рэчы. Маленькія акторы патрацілі больш за тры гадзіны свайго дзіцячага часу дзеля адной мэты – зрабіць кожнага з нас больш граматнымі ў тэме развіцця анкалогіі і яе прафілактыкі.

Пра ролік распавядае дырэктарка гарадзенскага дзіцячага хоспісу Вольга Шульга:

– Мы паспрабавалі простымі словамі расказаць пра вельмі складаныя рэчы. Пра тое, што анкалогія можа кантралявацца, і кожны з нас здольны ўплываць на сваё здароўе. Як бы мы не спадзяваліся на медыцыну і дактароў, усё ж такі першае – гэта наша свядомасць. Развіццё анкалогіі перш за ўсё залежыць не ад медыцыны, не ад дактароў, а ад саміх нас, ад таго ладу жыцця, якімы вядзём.

Над ролікам працамілі фатограф Ягор Чупракоў, а відэа здымала Інга Сакута са студыі “Сакавіта”. 

Стварэнне роліка прымеркавана да дзьвух датаў :  4 лютага – Міжнародны дзень  барацьбы супраць рака, а 15 лютага – Міжнародны дзень дзяцей, якія хварэюць на анкалогію.

Гэта ўжо другі ролік, зроблены Гарадзенскім дзіцячым хоспісам. Папярэдні транслюецца на вялікім экране ў цэнтры Гародні, на экранах у грамадскім транспарце, а таксама па гарадзенскім тэлебачанні. 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня