„Дзецюкоў” на фэсце „Lidbeer” не будзе



Гарадзенскі фолк-панк-рок гурт „Дзецюкі” не дапушчаны да выступу на фэсце „Lidbeer” 9-га верасня. Паводле версіі арганізатараў, гурт нібыта накруціў галасы падчас інтэрнэтгаласавання, стаўшы адным з лідараў для атрымання пуцёўкі да ўдзелу.

Алесь Дзянісаў, удзельнік „Дзецюкоў”, так каментуе гэтую навіну:

У галасаванках мы ўдзельнічалі ўпершыню. Лічу гэта памылкай. Больш мы ўдзельнічаць у іх не будзем. Для нас зайграць на гэтым фэсце было класна, бо мы ніколі на вялікіх фестывалях і на шырокую публіку не гралі. І зразумела, што на большасць фестываляў нас ніколі не запросяць. А тут нас паставілі ў галасаванку. Прычым адразу людзі, якія размаўлялі з арганізатарамі, казалі, што ў гурта заўсёды праблемы, на што тыя адказалі, што ім усё роўна.

Цяпер у інтэрнэце людзі выказваюць словы салідарнасці з гуртом „Дзецюкі”, выказваючы спадзеў, што салідарнымі будуць і гурты, што выступяць на фэсце „Lidbeer”.

Алесь Дзянісаў:

– Салідарнасць павінна з’яўляцца, хоць бы ў такіх праявах, як выказванне нейкага чалавека ў фэйсбуку ці інтэрвю – ну хоць неяк падтрымаць. Вось не было гэтай салідарнасці фактычна, дык што – няхай і не будзе!? Чаму б з нас яе ні пачаць? Мы не іконы, не сімвалы ці пупы зямлі. Мы нікога ні да чаго не заклікаем. Больш за тое, я лічу, што нельга ад кагосьці штосьці патрабаваць. Ну якое вы маеце права патрабаваць, каб хтосьці штосьці казаў са сцэны ці хтосьці нейкі кавер зрабіў?..

Фэст у Лідзе зяўляецца адным з найбольшых у краіне. І канешне, удзел „Дзецюкоў” у такім музычным форуме мог бы паказаць усяму свету, што пытанне чорных спісаў для канцэртнай дзейнасці ў Беларусі закрываецца. На жаль, гэта не так.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня