Дзеяннямі рэдакцыі газеты незадаволены



Кандыдат у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Мікалай Чарнавус (старэйшы) з Баранавічаў незадаволены дзеяннямі рэдакцыі газеты «Наш край». Паводле Чарнавуса, рэдакцыя паставілася прадузята да яго як апазіцыйнага кандыдата. Яго перадвыбарчую праграму паставілі не ў сераду, калі тыраж з тэлевізійнай праграмай большы, а ў суботу, калі тыраж значна меншы.

Кажа Мікалай Чарнавус:

– Праграму зацягнулі, на трэці дзень сказалі, што ў мяне шмат знакаў і мне трэба даплаціць, заплаціў сорак рублёў. Выйшла праграма мая ў суботу, у гэты дзень робіцца меншы тыраж у сувязі з тым, што ў крамы не даецца, а толькі даецца на кіёскі. У горадзе знаходзіцца 22 кіёскі, атрымалі для кіёскаў 55 газет, гэта 2-3 газеты на кіёск.

Па словах Мікалая Чарнавуса, у яго праграма даволі «калючая», таму зроблена так, каб яе прачыталі як найменш выбарцаў. У Баранавічах 180 тысяч насельніцтва, падпісчыкаў «Нашага краю» больш двух тысяч чалавек, каля паўсотні набудзе ў вольным продажы. У іншых выданнях друкаваць забаронена выбарчым заканадаўствам.

Беларускае Радыё Рацыя