Дзісна «стамілася ад галечы» і просіцца ў Полацкі раён



У самым маленькім горадзе Беларусі Дзісне назапасілася нямала праблем. Мясцовыя жыхары лічаць, што да безнадзейнага стану горад давялі ўлады Мёрскага раёна, да якога ён цяпер належыць. Таму яны прапануюць далучыць Дзісну да Полацкага раёну.

Мясцовыя жыхары і чыноўнікі з Мёраў сустрэліся ў Дзісенскім доме культуры. Аб праблемах, якія яны абмяркоўвалі, распавёў рэсурс TUT.BY. А праблем у горада назапасілася шмат. У першую чаргу, няма працы, таму ўся моладзь з’язджае ў іншыя гарады.

Старадаўнія прыгожыя будынкі руйнуюцца. Дарогі ў кепскім стане, транспарт не ходзіць, у крамах няма элементарных тавараў. І яшчэ шмат усяго.

У чэрвені жыхары Дзісны напісалі калектыўны зварот да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталлі Качанавай, дзе пералічылі набалелыя пытанні. Падпісалі ліст 309 чалавек. Кіраўніка Адміністрацыі яны, у першую чаргу, лічаць сваёй зямлячкай:

    – Наталля Іванаўна – ураджэнка Полацка. А ён, у адрозненне ад Мёраў, блізкі нам па духу і крыві старажытны горад. Полацк вядомы з IX стагоддзя, Дзісна – з XI, як крэпасць Полацкага княства. Мёры ж згадваюцца ўпершыню ў XVI стагоддзі. А горадам яны наогул сталі ўсяго 46 гадоў назад! Дзісна тады ўвайшла ў Мёрскі раён, да якога гістарычна ніколі не адносілася. І цяпер вось райцэнтр „падмінае” пад сябе старадаўнюю Дзісну, дзе гісторыя – на кожным кроку, і робіць з нас забітую вёску. А з Полацкам у нас нават гербы падобныя: на яго сімвале – карабель, а на нашым – ладдзя.

На сустрэчу з мёрскімі ўладамі прыехаў ураджэнец Дзісна, а цяпер жыхар Полацка Мікалай Панкрат – стваральнік адзінага ў краіне хатняга музея савецкай атрыбутыкі.

 – У 2015 годзе я пачаў пісаць звароты ў аблвыканкам і іншыя інстанцыі, каб выратаваць Дзісну. Але пайшла валакіта. Зараз я прыехаў на гэты сход, думаў: пачую нешта новае. Але не пачуў. Улада лічыць, што ў Дзісне усё добра. Але пакажыце мне: што ёсць добрага ў Дзісне? У Дзісне нават паесці няма дзе: зачынілі адзіную кавярню. І да таго нас зняважылі, што Мёры, аказваецца, 600 гадоў, а Дзісне – 450. Вы што, клоўны?! пад апладысменты землякоў звярнуўся да чыноўнікаў Мікалай Панкрат, які вядомы сваёй шчырасцю.

Мёрскім уладам полацкі музейшчык прапанаваў адмовіцца ад Дзісны і перадаць яе Полацкаму раёну. Намеснік старшыні райвыканкама паабяцаў разгледзець гэтую прапанову. Мясцовыя жыхары разыходзіліся са сходу ў надзеі, што адбудуцца нейкія змены.

gorod214.by