Дзіцячае „Еўрабачанне-2018” пройдзе ў Беларусі



Міжнародны дзіцячы конкурс песні „Еўрабачанне-2018” пройдзе ў лістападзе 2018 года ў беларускай сталіцы. Пра гэта Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію Беларусі афіцыйна праінфармаваў Еўрапейскі вяшчальны саюз (ЕВС), паведаміла прэс-служба беларускага медыяхолдынга.

У сувязі са зменай правілаў конкурсу тэлекампанія-арганізатар наступнага дзіцячага „Еўрабачання” можа быць названая яшчэ да пачатку шоу 2017 года, якое пройдзе ў Тбілісі.

Краіны-ўдзельніцы ЕВС мелі магчымасць падаць заяўку на правядзенне дзіцячага „Еўрабачання-2018” загадзя, каб спланаваць бюджэт і ўсе этапы падрыхтоўкі мерапрыемства. Кіруючая група конкурсу прызнала заяўку Белтэлерадыёкампаніі найлепшай, і ў выніку Беларусь становіцца гаспадыняй дзіцячага конкурсу. Расходы на яго правядзенне нясе як краіна-гаспадыня, так і ЕВС.

Беларусь ужо мае вопыт прыёму гэтага песеннага форуму. ЕВС высока ацаніў узровень падрыхтоўкі і арганізацыі дзіцячага „Еўрабачання” ў Менску ў 2010 годзе.

У міжнародным дзіцячым конкурсе песні „Еўрабачанне” Беларусь удзельнічае з моманту яго заснавання ў 2003 годзе. Першай беларускай удзельніцай была Вольга Сацюк, якая заняла чацвёртае месца.

На рахунку Беларусі дзве перамогі: у 2005 годзе конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй „Мы разам”, у 2007-м — Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй „З сябрамі”. Рэзанансным стала выступленне беларускага выканаўцы Юрыя Дземідовіча на конкурсе 2009 года ў Кіеве — яго песня „Чароўны трусік” выклікала бурную рэакцыю ў інтэрнэце і атрымала шырокую папулярнасць. У 2016 годзе Аляксандр Мінёнак заняў сёмае месца.

На дзіцячым „Еўрабачанні-2017”, фінал якога пройдзе 26 лістапада ў сталіцы Грузіі, Беларусь прадставіць Хелена Мерааі з песняй „Я самая”.

БелаПАН