Дзіцячы хоспіс ладзіць “Лета добрых справаў”



З пачатку лета ў Гародні распачалася акцыя “Лета добрых справаў”, якую ладзіць гарадзенскі дзіцячы хоспіс. У межах гэтай акцыі ўжо працуе тэлефонная лінія па зборы сродкаў для цяжка і безнадзейна хворых дзетак, а некалькі дзён таму запрацавала яшчэ адна ініцыятыва. Яна мае назву “Адзінка,  што ратуе жыццё”.

myuzikl_gadkiy_utenok_kirkha_15

Пра ініцыятыву распавядае дырэктарка гарадзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Шульга:

– Цягам гэтых трох месяцаў мы хацелі б зрабіць пасыл грамадству пад назвай  “Адзінка,  што ратуе жыццё”. Мы выбралі 5 крамаў і прадпрыемстваў, калі вы туды прыходзіце і набываеце тавар ці паслугу, то 1% ад набытага вамі ідзе на патрэбу цяжка і невылечна хворых дзяцей.

Гарадзенскі дзіцячы хоспіс аказвае  гуманітарную дапамогу дзецям з цяжкімі парушэннямі і з абмежаваным тэрмінам жыцця, сярод якіх 40 дзетак – з анкалагічнымі захворваннямі. А сярод крамаў  і прадпрыемстваў гораду, праз якія можна дапамагчы дзеткам, – аўтамыйка і кампутарная крама, крама настольных гульняў, адна з гарадзенскіх кнігарняў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Віталя Дзернейкі