Дзіцячыя сады ў Беларусі змогуць адкрываць платныя групы
Дзіцячыя сады ў Беларусі змогуць адкрываць платныя групы. Аб гэтым паведаміла журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі – начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Давідовіч.
Паводле слоў Альбіны Давідовіч, магчымасць рэалізацыі праграмы дашкольнай адукацыі на платнай аснове закладзена ў праекце новага Кодэкса аб адукацыі. „Дзяржаўныя ўстановы дашкольнай адукацыі змогуць адкрываць платныя групы і працаваць у іх поўнасцю на платнай аснове. Такая патрэбнасць выказвалася бацькамі, адпаведна, да нас паступалі запыты ад дзіцячых садоў. Мы вывучылі вопыт іншых краін у гэтым пытанні і заклалі такую магчымасць у праект Кодэкса аб адукацыі”, – сказала яна.
Што датычыцца прагназуемага кошту наведвання платных груп, прадстаўнік міністэрства адзначыла, што ён будзе залежаць ад набору паслуг, што рэалізуюцца ў кожнай канкрэтнай групе. „Калі ў адной групе дзеці будуць вывучаць англійскую мову, а ў іншай да яе дабавіцца харэаграфія, то і аплата, зыходзячы з гэтага, будзе адрознівацца. Можна, вядома, у гэтым выпадку правесці аналогію з прыватнымі дзіцячымі садамі, але кошт наведвання платных груп у дзяржаўных установах адукацыі будзе значны ніжэйшы”, – канстатавала Альбіна Давідовіч.