Дзіўная пасадка самалёта „Белавія” пад Гародняй (абноўлена)
Паводле інфармацыі TUT-BY пасля высадкі ўсіх пасажыраў з рэйсу былі знятыя 6 ці 8 чалавек – як мяркуецца дзве сям’і. Прозвішчы двух асоб супалі з прозвішчамі былых членаў Савету Рэспублікі, кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў. Сваякі гэтых мужчын, да якіх датэлефанаваліся журналісты, аднак заявілі, што гэта не яны. Афіцыйныя асобы розных дзяржаўных ведамстваў, якія датычныя да гэтай сітуацыі, ніякіх каментароў не даюць.
***
Партал TUT. BY са спасылкай на некалькіх пасажыраў паведаміў, што самалёт авіякампаніі Белавія EMBRAER 175, які ў пятніцу 24 студзеня ляцеў у нямецкі Мюнхен, зрабіў аварыйную пасадку пад Гародняй. Самалёт прызямліўся на аэрадроме ў Абухаве.
Самалёт даляцеў да Вроцлава, пасля чаго развярнуўся назад у Беларусь.
Паводле сведчаньня пасажыраў, яны думалі, што падлятаюць да Мюнхена, калі камандзір судна паведаміў, што праз тэхнічныя прычыны самалёт робіць аварыйную пасадку ў Гародні.
Пасля прызямлення памежнікі высадзілі з самалёту з рэчамі шэсць пасажыраў, назваўшы іх імёны па гучнай сувязі. Пасля ўсіх пасажыраў папрасілі пакінуць самалёт і пагрузіцца ў аўтобусы. Праз 20 хвілін людзей у самалёт вярнулі і ён вылецеў зноў у Мюнхен.
фота аднога з пасажыраў, tut-by
У выніку такой сітуацыі многія пасажыры спазніліся на свае стыкавыя рэйсы.
Спробы журналістаў атрымаць каментары ад афіцыйных асобаў сталіся пакуль безвыніковымі.