Дзіяна Серадзюк распавяла, як збірала грошы на штраф



Дзіяна Серадзюк, журналістка «Новага Часу», якую аштрафавалі за акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй – упершыню сродкі на пагашэння штрафу збірала праз краўдфандынг. Менш чым за суткі сабралі амаль усю суму. 27 студзеня суд Першамайскага раёна Менска пакараў Дзіяну штрафам: сведкі-АМАПаўцы на другім паседжанні змянілі свае паказанні, што паслужыла падставай для прыцягнення журналісткі да адміністрацыйнай адказнасці (штраф 50 базавых велічынь або 1350 рублёў).

Найперш вагалася, ці выкарыстоўваць такі інструмент, але потым пераканалася ў патрэбе, кажа Дзіяна Серадзюк.

– Іншая справа, калі ты збіраеш грошы, якія пойдуць урэшце ў казну рэпрэсіўнай дзяржавы. Гэта вельмі дэмаралізавала мяне. І мне сапраўды было няёмка прасіць грошы ў людзей на гэта. Але калі я спрабавала ім гэта тлумачыць, яны казалі – супакойся, людзі павінны дапамагаць адны адным. Тым больш, што кожны можа ў нашай краіне апынуцца ў такой сітуацыі. Мяне вельмі ўзрушыла тая падтрымка, якую я адчула.

Паводле падлікаў праваабаронцаў “Вясны”, за снежань і студзень у краіне адбылося больш за 170 судовых пасяджэнняў, дзе судзілі актывістаў за ўдзел у акцыях за Незалежнасць 7, 8, 20 і 21 снежня. На 5 лютага агульная сума штрафаў, атрыманых удзельнікамі акцый, склала амаль 62 600 даляраў ЗША. 13 чалавек асуджаныя агулам на 360 сутак арышту. Збор сродкаў на штрафы для ўдзельнікаў пратэстаў працягваецца праз краўдфандынг.  

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя