Дзіяна Серадзюк стала «Журналісткай года»



Карэспандэнтка газеты «Новы Час» Дзіяна Серадзюк была прызнаная «Журналісткай года» на ўручэнні штогадовай прэміі Асамблеі НДА.

Думак пра тое, што ўзнагарода дастанецца ёй, у Дзіяны не было, і без прэміі яна атрымлівала задавальненне ад якаснай цырымоніі ўручэння ўзнагарод. Усе журналісты, намінаваныя на ўзнагароду — вартыя спецыялісты.

– Вельмі было прыемна, бо як я казала падчас цырымоніі ўручэнння, “Новы Час” гэта не нейкі медыягігант, у нас не такая вялікая аўдыторыя, да таго ж у нас выданне выключна беларускамоўнае. Раман Васюковіч з „Еўрарадыё” ўвогуле мой аднакурснік. Я вельмі яго паважаю і сябрую з ім. Святлана Калінкіна гэта ўвогуле мэтр журналістыкі. Ну, і астатнія таксама. Я не магу іх назваць канкурэнтамі – гэта цудоўныя калегі, у якіх я магу шмат чаму павучыцца.

Дзіяна Серадзюк вядзе ў газеце «Новы Час» адну з рубрык «Грамадства». У ёй асвятляюцца важныя тэмы Беларусі, у тым ліку і канфлікты грамадзян з дзяржавай, у тым ліку па абароне Курапатаў, Вайсковых могілак, змаганне за Незалежнасць краіны.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск