Дзмітрыеў падаў у суд на Менгарвыканкам



Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта сустаршыня грамадскага аб’яднання „Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў падаў у Менскі гарадскі суд скаргу на Менгарвыканкам у сувязі з малой колькасцю месцаў, вызначаных для масавых мерапрыемстваў у межах прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

„Удумайцеся, на двухмільённы Мінск дазволілі агітаваць у шасці месцах. Гэта паркі на ўскраіне горада, гэта значыць каб вы наогул не бачылі альтэрнатыўных кандыдатаў”, — заявіў Дзмітрыеў у відэазвароце да выбаршчыкаў.

Тое ж самае, паводле слоў палітыка, па ўсёй краіне. „Ёсць гарады, дзе наогул забыліся вызначыць месцы для агітацыі. Таму мы па ўсёй краіне абскардзім гэтыя рашэнні”, — сказаў Дзмітрыеў. Ён заклікаў грамадзян звяртацца ў суды і абараняць сваё права на сумленныя выбары.

„Улада сёння хоча, каб выбары былі проста перапрызначэннем Лукашэнкі, а мы хочам, каб гэта былі сумленныя выбары з абраннем новага прэзідэнта Беларусі”, — заявіў Дзмітрыеў.

25 чэрвеня Менгарвыканкам вызначыў шэсць месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў у межах перадвыбарнай агітацыі. Ні адно з іх не знаходзіцца ў цэнтры горада.

У „пералік месцаў для правядзення ў паведамляльным парадку кандыдатамі ў прэзідэнты, іх даверанымі асобамі масавых мерапрыемстваў у мэтах ажыццяўлення перадвыбарнай агітацыі (сходы па-за памяшканнямі, мітынгі, пікетаванне)” увайшлі:

— парк Дружбы Народаў у межах вуліц Арлоўская — Багдановіча — Кульман — Карастаянавай;

— цэнтральная алея ў парку культуры і адпачынку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка па вуліцы Даўгабродскай;

— пляцоўка каля фантана ў Кіеўскім скверы на вуліцы Кахоўскай;

— пляцоўка пры ўваходзе ў парк імя Грэкавай на вуліцы Малініна;

— сквер Жукава ў межах вуліц Чыгуначная — Мініна;

— Тучынскі сквер у межах вуліц Харкаўская — Верашчагіна— Берута.

„Устанавіць, што на тэрыторыі Менска масавыя мерапрыемствы (сходы па-за памяшканнямі, мітынгі, пікетаванне), якія арганізуюцца ў адпаведнасці з артыкулам 451 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, іх даверанымі асобамі, могуць праводзіцца з 8.00 да 22.00 і не павінны ствараць перашкод для руху пешаходаў, веласіпедыстаў і транспарту, а таксама перадумоў для ўзнікнення дарожна-транспартных здарэнняў (знаходжанне грамадзян, якія ўдзельнічаюць у масавых мерапрыемствах, блізу праезнай часткі, пешаходных пераходаў)”, — гаворыцца ў рашэнні гарвыканкама.

Аб шасці пунктах для вулічных мерапрыемстваў у сталіцы раней заявіў Аляксандр Лукашэнка. „Мы нікому не будзем закрываць рот. Калі ласка — вызначаныя месцы ў Менску і ва ўсіх гарадах пункты, дзе можна весці дыскусію. Па-мойму, у Менску гэта шэсць пунктаў. Наша справа — кантроль, каб вы не выйшлі за межы. Шэсць пунктаў у Менску — ідзі дэбатуй. Але Камітэт дзяржбяспекі разам з міліцыяй ні ў якім разе не павінны дапусціць парушэнні закона”, — сказаў афіцыйны лідар на сустрэчы са старшынёй КДБ Валерыем Вакульчыкам 1 чэрвеня.

Выбары прызначаныя 9 жніўня. З 5 па 14 ліпеня праходзіць рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты.

belapan.by