Дзмітрый Кучук: Такія праекты патрабуюць грамадскага абмеркавання



Беларуская антыядзерная кампанія БАЯК выступіла з заявай адносна перспектывы захоўвання радыеактыўных адкідаў на тэрыторыі Беларусі. У заяве выказваецца занепакоенасць нядаўняй заявай Міністэрства энергетыкі аб меркаваным усталяванні моцнасцяў па перапрацоўцы, часовым захоўванні і нават пахаванні радыеактыўных адкідаў з Астравецкай АЭС. Планы захоўвання радыеактыўных адкідаў на тэрыторыі Беларусі нясуць вялікую небяспеку для краіны, – кажа першы намеснікам старшыні Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук.

– Не было ніякага грамадскага абмеркавання гэтага праекту па захоўванню радыеактыўных адкідаў. У прынцыпе, няма і самога праекта. Не зразумела, хто яго будзе фінансаваць. І ўсё гэта выклікае сур’ёзныя нараканні адносна таго, што будзе з гэтым праектам. Таму што без грамадскага абмеркавання праект немагчыма будаваць. Чалавецтва яшчэ не прыдумала тэхналогію па перапрацоўкі адкідаў і ўсё гэта прывядзе да кепскіх наступстваў.

Эколагі і „зялёныя” актывісты звяртаюць увагу на той факт, што праблема бяспечнай перапрацоўкі, захоўвання і пахавання радыеактыўных адкідаў атамнай энергетыкі да гэтага часу не вырашаная нідзе ў свеце.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя