Дзмітрый Паліенка вызвалены з бабруйскай калоніі
Палітвязень Дзмітрый Паліенка быў вызвалены сёння раніцай з бабруйскай папраўчай калоніі № 2.
Інфармацыю аб вызваленні Дзмітрыя Паліенкі пацвердзіла БелаПАН сяброўка палітвязня Марына. „Выпусцілі ў чатыры гадзіны раніцы. Вывезлі машынай хуткай дапамогі, а потым на перакладных везлі да Асіповічаў. Там пасадзілі на электрычку, і цяпер ён едзе ў Менск„, — расказала дзяўчына.
Паводле яе слоў, Паліенку спецыяльна вывезлі з калоніі такім чынам, каб яго не маглі сустрэць родныя і знаёмыя. „Ён звязаўся з намі, патэлефанаваў ад людзей, сказаў, што едзе. Цяпер звязацца з ім нельга, таму што ў яго няма тэлефона”, — адзначыла Марына.
Крымінальная справа ў дачыненні да Паліенкі была распачатая пасля велапрабегу „Крытычная маса” ў красавіку 2016 года ў Менску. У той дзень больш за 30 чалавек сабраліся каля опернага тэатра, каб праехаць па горадзе на роварах і заявіць аб правах веласіпедыстаў на дарозе. Міліцыя сцвярджала, што група веласіпедыстаў груба парушыла правілы дарожнага руху, выехала на праезную частку і не рэагавала на патрабаванні ДАІ.
Паліенка быў адзіным удзельнікам акцыі, які зведаў крымінальны пераслед. 12 кастрычніка 2016 года суд прызнаў яго вінаватым у „гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў” — маладога чалавека абвінавацілі ў тым, што ён парваў куртку міліцыянеру.
Незадоўга да суда Паліенку выставілі дадатковае абвінавачанне ў „вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару” на падставе ч. 2 арт. 343 КК. У выніку актывіста прызналі вінаватым па абодвух артыкулах і прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Пасля гэтага ён некалькі разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і 7 красавіка 2017 года быў пазбаўлены адтэрміноўкі выканання прысуду.
Пасля пераводу Паліенкі ў калонію ў красавіку 2017 года праваабаронцам стала вядома пра жорсткае абыходжанне з ім адміністрацыі калоніі. Паводле іх дадзеных, штомесяц Дзмітрый праводзіў па 10 дзён у штрафным ізалятары; штомесячная сума грошай для яго асабістага карыстання была скарочана на траціну; да Паліенкі не даходзіла пошта, і некаторыя яго лісты не траплялі да адрасатаў.
У маі гэтага года напярэдадні дня нараджэння Дзмітрыя „Міжнародная амністыя” аб’явіла акцыю ў яго падтрымку. „Беларускі актывіст Дзмітрый Паліенка адбывае два гады турэмнага зняволення за мірны супраціў абмежаванням веласіпеднага руху. <…> Паліенка з’яўляецца вязнем сумлення і павінен быць неадкладна і безумоўна вызвалены”, — падкрэслівала міжнародная праваабарончая арганізацыя.
У канцы верасня планавалася доўгатэрміновае спатканне Паліенкі з бацькам, але адміністрацыя калоніі яго забараніла. БелаПАН