Дзмітрый Рабунскі: Калі нас трымалі ў СІЗА, я згадваў пра ГУЛАГ і гестапа



Віцебскі абласны суд пачаў адпраўляць на перагляд справы людзей,  затрыманых увечары 9-га жніўня паводле абвінавачання  ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, або змяншае тэрміны арыштаў, прысуджаных за кратамі. Менавіта так суддзя Ірына Смалякова абышлася з  дырэктарам  вядомай беларускай ювелірнай кампаніі  «EGO-ART» Дзмітрыем Рабунскім: яго спярша пакаралі арыштам на 10 сутак, а потым абласны суд зменшыў  тэрмін зняволення да 4-х сутак. 

Паспяховы бізнесмэн, вядомы на ўсю Беларусь чалавек трапіў у лік “наркаманаў і крымінальнікаў” – так ахарактарызаваў затрыманых Аляксандр Лукашэнка. Але Дзмітрый Рабунскі кажа, што сустрэў за кратамі вельмі прыстойных людзей – студэнтаў, праграмістаў, медыкаў,  з якімі не па-людску абыходзіліся супрацоўнікі МУС:

-У мяне зафіксаваліся толькі два словы: гэта “ГУЛАГ” і “фашызм”. Так праводзілі зняволеных у 1937-м  годзе і ў 1943-м. Прымушалі сагнуцца, ставілі на калені, піналі нагамі ззаду. І ўсё гэта суправаджалася брэхам сабак – для запалохвання. Тых, хто рабіў заўвагі, – як я, выцягвалі з натоўпу і  збівалі нагамі за аўтазакам.

9-га жніўня разам з Дзмітрыем Рабунскім  быў зарыманы яго 27-гадовы сын Станіслаў. Віцебскі абласны суд адмяніў рашэнне пра 10-суткавы арышт для хлопца: Ірына Смалякова накіравала ягоную справу ў суд Першамайскага раёна на перагляд. Нічога добрага ад новага разбіральніцтва Станіслаў не чакае:

– Я не вельмі хачу далей браць удзел у гэтых працэсах – не думаю, што ў гэтым ёсць нейкі сэнс. З улікам таго, што мы адседзелі па 5 сутак, і гэта зафіксавана, тыя ж 5 сутак, напэўна, зноўку і дадуць. Увогуле ж для сябе я вырашыў, што мне тут складана жыць, і адной нагой я ўжо не тут.

Дырэктар  ювелірнай кампаніі «EGO-ART» Дзмітрый Рабунскі здавацца не збіраецца. Ён не згодны са змяншэннем тэрміну арышту да 4-х сутак, бо за кратамі прабыў 5, і збіраецца аспрэчыць рашэнне абласнога суду або патрабаваць кампенсацыі за адны суткі беспадстаўнага ўтрымання за кратамі.

Цалкам гутарку можна паслухаць у далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск