Дзмітрый Радкевіч:  З наступленнем Рамадану варта ставіць добрыя мэты



У мусульман Беларусі, як і па ўсім свеце, з захадам Сонца 12 красавіка распачынаецца месяц посту – Рамадан.

Наша карэспандэнтка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – старшынём Савета Улемаў Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Дзмітрыем Радкевічам пра жыццё мусульманскай супольнасці ў Беларусі і традыцыі Рамадана, якія ўвайшлі ў жыццё Беларусі.

РР: Скажыце, калі ласка, якая культурная традыцыя Рамадану склалася ў Беларусі зараз?

Дзмітрый Радкевіч: Яна ў прынцыпе існуе ўжо цягам усёй гісторыі іслама ў свеце і не толькі ў Беларусі. Традыцыя заключаецца ў тым, што, па-першае, гэта не свята. Напярэдадні ўвечары вернікі збіраюцца для супольнай малітвы ў мячэці. Пасля праводзіцца яшчэ адно дадатковае маленне. Яно называецца тавіх і ўключае ў сабе дадатковыя малітоўныя цыклы. На гэтым уся падрыхтоўка заканчваецца. І самае галоўнае, на заўтра ўранку не забыцца паесці да таго, як наступіць світанне.

РР: Якія цэнтры іслама мы можам выдзеліць у сучаснай Беларусі?

Дзмітрый Радкевіч: Па-першае, гэта, вядома, Іўе. Таксама значная суполка ў Наваградку. Там ёсць нават дзве мячэці – у Наваградку і Воўчыцах адбудавана мячэць у 2002 годзе. Наваградская мячэць была адноўлена ў 1997 годзе – да 600-годдзя пасялення татараў у ВКЛ. Іўеўская мячэць, як вядома, не зачынялася ў савецкі час. Трэба сказаць, што практычна кожны абласны цэнтр, не кажучы ўжо пра сталіцу Менск, можна назваць значным цэнтрам ісламу: Глыбокае, Докшыцы, Відзы.

РР: Колькі ўсяго мусульман на Беларусі і ў якім населеным пункце іх большасць?

Дзмітрый Радкевіч: Можна сказаць, што ў межах 50 тысяч. З тых, якія актыўна практыкуюць, то, вядома, іх больш там, дзе ёсць наведваемыя мячэці і там, дзе гэта стымулюецца сям’ёй альбо колам сваякоў. Адным з самых такіх цэнтраў з’яўляецца Менск, вядома, бо мячэць тут ужо больш чым проста культавы будынак. Гэта  духоўны цэнтр. Гэта сапраўды месца, дзе можна правесці нейкі летнік, урокі, заняткі, дзе збіраюцца арабісты, усходазнаўцы, моладзь, і межканфесійныя праводзім мерапрыемствы. Імкнемся, каб мячэць была не проста месцам, дзе прыйшоў, пяць хвілін памаліўся і пайшоў з лёгкай душой. Але каб гэта было месца, дзе хочацца быць, дзе сапраўды ёсць чым заняцца і прыкласці свае таленты.

РР: Ці падтрымліваеце вы сувязь з калегамі з Польшчы? Ці маеце супольныя праекты?

Дзмітрый Радкевіч: Пакуль што не. Хацелася б гэта, канешне, развіць. Былі невялікія крокі, калі муфцій Міцкевіч арганізоўваў паездкі па Беларусі з актыўнымі татарамі з Польшчы, па татарскіх могілках-мізарах, канцавым пунктам, вядома, была Менская саборная мячэць.  Былі аналагічныя праекты з літоўскімі татарамі. Мы самі бывалі ў Літве. У 2021 годзе ў Літве аб’яўлены Год літоўскіх татар.  Мы вельмі паважаем і шануем гэтыя сувязі.

РР: Вы таксама прымалі ўдзел у экуменічных малітвах у тым ліку ў Чырвоным касцёле супраць каронавірусу і з іншых нагодаў. Якое ваша ўражанне ад іх і наколькі яны маюць далейшае значэнне і плён?

Дзмітрый Радкевіч: Гэта цікавая ініцыятыва. Вельмі важна, каб у любых сітуацыях наш народ збіраўся разам. Удзел у экуменічнай малітве прадстаўляе сабой спробу звярнуцца да Бога і падтрымаць сваіх суайчыннікаў у цяжкія, пераломныя хвіліны іх жыцця. І нагадаць, што ўсё сегасветнае пройдзе і наперадзе – вечнасць.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

 

Гутарыла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

 Фота са старонкі Дзмітрыя Радкевіча ў facebook