Дзмітрый Смольскі: Я першы ў Беларусі падаў заяву на выхад з партыі



Дзмітрыю Смольскаму споўнілася 80 год. Жывы класік беларускай акадэмічнай музыкі напісаў 15 сімфоній, 3 оперы ды масу іншай аркестровай, камернай, вакальнай музыкі.

У інтэрв’ю нашаму радыё юбіляр прызнаўся, што часта цытаваў у сваіх творах гімн СССР:

– Я атрымаў ад савецкай улады ўсе ўзнагароды, якія толькі ёсць у Беларусі: народнага артыста, ордэны і медалі. Я ніколі агрэсіўна не выступаў, але затое ў 1990 годзе, як мне паведамілі, я быў першы ў Беларусі, хто падаў заяву на выхад з партыі. На тытульным аркушы мяёй апошняй 15-й сімфоніі словы Рэйгана: „Імперыя зла”.

Дзмітрый Смольскі крытыкуе кіраўніцтва Мінкульта. У прыватнасці, кампазітар параўноўвае сённяшняга міністра культуры з ранейшым:

– Латушка неяк цікавіўся, унікаў, прабіваў фестывалі, чалавек ініцыятыўны. Я нічога асабіста не маю супраць Святлова, але як чалавек ён можа б у іншай вобласці раскрыўся, бо гэта проста не яго.

Таксама Смольскі не разумее, чаму ягоная “Сівая легенда” паводле Уладзіміра Караткевіча ідзе ў Вялікім тэатры оперы і балета толькі 2 разы на год, хаця заўжды збірае аншлагі. Да таго ж гэта адзіная опера ў рэпертуары тэатра, дзе гучыць беларуская мова.

 Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск