Дзмітрыя Казлова выклікалі на суд, які прайшоў два дні таму



Відэаблогер, вядомы пад нікам “Шэры кот”, атрымаў позву на разгляд адміністрацыйнай справы, разгляд якой мусіў адбыцца ў Менску яшчэ 20-га лістапада.

У мястэчка Барань пад Воршай канверт з позвай трапіў толькі 22-га лістапада, кажа Дзмітрый Казлоў:

– Гэта быў ліст са штампам Маскоўскага РАУС, што мне трэба з’явіцца туды 20-га лістапада а 16-й гадзіне на разбор адміністрацыйнай справы. Прайшло два дні, і я так і не ведаю, што і як там адбылося.

У позве не пазначана, у якой якасці Дзмітрый Казлоў павінны ўдзельнічаць у пасяджэнні – ці ён сведка, ці асоба, супраць якой распачата адміністрацыйная справа, і які артыкул КоАП ён парушыў. Пра гэта відэаблогер можа толькі меркаваць, бо ён быў удзельнікам “Сходаў вольных людзей. Але за каторы з іх яго выклікаюць на суд, Дзмітрый Казлоў не ведае:

– Тут можа быць шмат розных справаў . І за заклік прыходзіць 15-га лістапада на Кастрычніцкую плошчу, і за ўдзел у гэтым мерапрыемстве на Кастрычніцкай, і за шэсце 16-га. А можа, і за ўсе тры падзеі – хто яго ведае?

З позвы вынікае толькі тое, што адміністрацыйную справу разбіралі ў пастарунку, а не ў судзе. Дзмітрый Казлоў плануе дачакацца пастановы, і калі яго пакараюць, будзе абскарджваць гэтае рашэнне, бо яго пазбавілі права на абарону ў судовым працэсе.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя