Дзмітрыю Кулакоўскаму прысудзілі два гады „хіміі” і вызвалілі
Два гады „хіміі” з накіраваннем у пасяленне адкрытага тыпу (“хімія”) – такі прысуд вынеслі сёння палітвязню Дзмітрыю Кулакоўскаму. Яго адпусцілі з залы суда.
Дзмітрый сцвярджае, што справа супраць яго была сфабрыкаваная. Так яму помсцілі за звальненне – раней Дзмітрый працаваў начальнікам крымінальнага вышуку Заводскага РУУС горада Менска і вырашыў сысці з-за жнівеньскіх падзей. Ён правёў пад вартай у межах следства па крымінальнай справе з 4 снежня па 22 студзеня. А раней, у кастрычніку, Кулакоўскага затрымлівалі ў межах адміністрацыйных спраў:
– Мяне трымалі на Акрэсціна 25 сутак у карцары ў кастрычніку, для таго, каб я падпісаў прызнальныя паказанні. Таму ўсе матэрыялы па крымінальнай справе былі сабраныя абы як, з разлікам, што яны мяне на Акрэсціна зломяць і я падпішу ўсё, што ім трэба, і тады яны падгоняць справу, каб да нічога не было дакапацца. І ў выніку шмат нестыковак, усё пабудавана толькі на домыслах і на здагадках следчага і дзяржаўнага абвінаваўцы.
РР: Вам казалі на Акрэсціна супрацоўнікі штосьці адносна вашага звальнення.
– Здраднік.
Абвінавацілі ж Дзмітрыя па артыкуле 369 Крымінальнага Кодэкса РБ — абраза службовай асобы. У якасці пацярпелага — міліцыянт Смоляр. На судовыя паседжанні, якія праходзілі цягам двух дзён, ён ні разу не з’явіўся.
Беларускае Радыё Рацыя