Дзве беларускія турысткі знойдзеныя мёртвымі ў гарах Грузіі



Дзве з трох беларускіх турыстак, якія зніклі на гары Тэтнулдзі ў грузінскім рэгіёне Верхняя Сванетыя, знойдзеныя мёртвымі, паведаміў Першы канал грузінскага тэлебачання са спасылкай на службу па кіраванні надзвычайнымі сітуацыямі МУС. Стан трэцяй жанчыны ацэньваецца як цяжкі.

Паводле інфармацыі ведамства, паведамленне пра знікненне беларускіх турыстак паступіла ў цэнтр аператыўнага кіравання неадкладнай дапамогі МУС увечары 14 жніўня, пасля чаго пачаліся пошукавыя работы. Раніцай да аперацыі падключыўся верталёт памежнай службы.

Дзвюм турысткам было прыблізна 60 гадоў, трэцяй — 36. Згодна з папярэдняй інфармацыяй, яны аддзяліліся ад асноўнай групы, якая вярталася ў лагер, і больш іх не бачылі.

Вышыня гары Тэтнулдзі 4.869 метраў.

МЗС Беларусі паведаміла на сваёй старонцы ў „Твітэры”, што пасольства краіны ў Грузіі „знаходзіцца ў пастаянным кантакце з кампетэнтнымі грузінскімі органамі, якія ажыццяўляюць пошук трох беларускіх турыстак у Сванетыі”.

belapan.by

 Фота v-georgia.com