Дзве няпоўныя сям’і з аграгарадку засталіся без святла



Дзве сям’і з няпоўнагадовымі дзецьмі, якія жывуць у аграгарадку Верамееўка ў Гарадоцкім раёне засталіся без электрычнасці. Яны займаюць службовыя кватэры ад прадпрыемства “Райаграснаб”, аднак паколькі спынілі працоўныя адносіны з гэтым прадпрыемствам, павінны вызваліць і кватэры.

“Пры гэтым парушана заканадаўчая  працэдура”, – абураецца гарадоцкі актывіст Леанід Аўтухоў, які дапамагае маладым сем’ям. У кватэрах проста без папярэджання адключылі электрычнасць, у выніку не працуюць і газавыя катлы, з дапамогай якіх кватэры абаграваюцца:

– Працэдура, заканадаўчая база парушаецца. Яны прыйшлі “па паняццях”. Дзве сям’і выкідаецца на вуліцу, пазбаўляецца электрычнасці. Гэта жах. Я праходзіў шмат працэсаў, калі звяртаюцца ў суд, што так і так, мы не працуем, нас высяляюць, альбо плаціце заробак. А яны ж заробак не хочуць плаціць, а хочуць, каб людзі працавалі, а дзяцей як выхоўваць? І ўвогуле, каб высяліць са службовай кватэры, іх павінны былі папярэдзіць. Па-другое, куды малыя дзеткі пойдуць? Павінен скончыцца ацяпляльны сезон. А потым павінна прыйсці папярэджанне наконт высялення.

Леанід Аўтухоў распавёў, што сем’і ўжо склалі заявы ў Гарадоцкую пракуратуру, а таксама ў раённы выканкам на імя яго старшыні з просьбай аднавіць энергазабеспячэнне. Спачатку сем’і звярнуліся ў пракуратуру з вуснай заявай, але іх “адфутболілі” – дадаў актывіст.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.