Дзве зніклыя вучаніцы з Лунінца знойдзеныя ў Маскве



Дзвюх зніклых вучаніц Лунінецкага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа знайшлі ў Маскве.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Берасцейскага аблвыканкама Ілля Помін, 17-гадовыя Анастасія Караткова і Марыя Корж былі выяўленыя ўвечары 23 студзеня ў адным з гандлёвых цэнтраў Масквы. Дзяўчат даставілі ў паліцэйскі ўчастак, за імі выехалі бацькі.

Двух непаўнагадовых жыхарак Лунінца шукалі з 16 студзеня — у гэты дзень іх бацькі звярнуліся ў міліцыю. Караткова пайшла з дома 14 студзеня прыблізна ў 14.00, Корж — 15 студзеня прыблізна ў 6.00. Мабільныя тэлефоны дзяўчат былі выключаныя.