“Дзвюхмоўныя” назвы вуліц у Зэльве



Калі прыязджаеш у Зэльву, у цэнтры гэтага пасёлка адразу кідаюцца ў вочы назвы вуліц на дзвюх мовах – рускай і… ангельскай.

Такога ўнікума магчыма нідзе ў Беларусі больш няма. І гэта ж нехта прыдумаў з мясцовых вертыкальшчыкаў!?. Як быццам Зэльву штогод наведваюць тысячы англамоўных турыстаў з усяго свету. Таму для іх напісана на дзвюх мовах, каб зразумелі: ул Советская, Sovetskaya St. Пер. Парковый, Parkovyi Ln. Ці гэта можа ў Зэльве тутэйшы люд па загадзе мясцовых вертыкальшчыкаў пераходзіць толькі на расейскую і ангельскую мовы? Вось здзівілася б сёння наша вялікая і таленавітая паэтка Ларыса Геніюш, калі б убачыла такія шыльды на сваім ці суседнім доме ў Зэльве, дзе яна жыла на Савецкай вуліцы. Але чаму тут здзіўляцца? Ніводнага слова ў Зэльве няма па-беларуску. Усе шыльды крамаў, гасцініцы, мясцовага рэстарана, устаноў і г.д. у Зэльве напісаны толькі па-расейску. Таму і няма назваў шыльдаў вуліц на роднай мове. За тое ў Зэльве – “прагрэс” – ёсць яны па-ангельску. Цяпер ніводзін беларус з Зэльвы і з іншых вёсак і гарадоў Беларусі не заблудзіцца, бо шыльды па-ангельску бачны здалёк.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота аўтара