Дзяды на гарадзенскіх могілках „Сакрэт”



У Гародні на могілках „Сакрэт” прайшло ўшанаванне памяці беларускіх культурных і нацыянальных дзеячоў. Дзясяткі пахаванняў удалося наведаць сябрам Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны і Універсітэту Залатога веку.

Былі адведаны магілы і запалены знічы ля месцу спачыну акадэміка Юрыя Астроўскага – стваральніка Інстытута Біяхіміі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі ў Гародні, Аляксея Карпюка – беларускага пісьменніка, Антона Сцяпуры – сябра БНФ, дэпутата гарадзенскай мясцовай Рады, Змітра Кіселя – журналіста, беларускага грамадзскага дзеяча, Яўгена Петрашэвіча – кампазітара, музыканта, стваральніка ўзорнага дзіцячага калектыва „Дударыкі”, Антона Валынчыка – беларускага патрыёта хормайстра, выкладчыка, Браніслава Ржэўскага – беларускага патрыёта, навукоўца, ахвяры рэпрэсіяў камунізма, Аляксандра Шыдлоўскага – кампазітара, Апанаса Цыхуна – заслужанага настаўніка Беларусі, Юрыя Гуменюка – паэта, ды іншых.

Гэта хіба траціна ўсіх значных беларускіх дзеячоў, каго варта было б адведаць на гэтых могілках. На жаль, не стае сілаў і часу на невялікую групу людзей, якія праявілі жаданне пакланіцца памяці беларускім дзеячам і скарыстаць адведзены час на „Дзяды”.

 

Некаторыя магілы патрабуюць асаблівага догляду. Некалькі гадоў таму, дзякуючы доўгім напамінам уладам пра аднаўленне пахілага крыжа кампазітару, выкладчыку універсітэта Антону Валынчыку, прадстаўнікі абласной улады пагадзіліся з заклікам Таварыства Беларускай Мовы. Урэшце было даручана Купалаўскаму універсітэту сваім коштам паставіць новае надмагілле ў „Сакрэце” і памятную шыльду на будынку факультэта дызайна, што на вуліцы Дзяржынскага. На жаль, няма бачнасці таго, што факультэт дызайну даглядае магілу славутага кампазітара і харавога дырыжора. Яны мусяць гэта рабіць хаця б з пашаны да свайго педагога. Бо і сваякаў у Антона Валынчыка сярод жывых ужо не засталося.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя