Дзяды. У апошні шлях па-палеску



Пытанне завяршэння зямнога жыцця так ці інакш нікога не пакідае абыякавым. Кожны думаў пра гэта, разважаў. Можа нават мае сваю пазіцыю адносна смерці, хаця толькі смерць можа мець нейкую пазіцыю адносна чалавека, бо апошняя хвіліна нашаму роду непадуладна. Тэма заўжды актуальная, а тым больш на Дзяды.

Філасофія філасофіяй, а вось даведацца пра колішнія пахавальныя традыцыі здаецца не менш цікава. Асабліва, калі знаёміцца са звычаямі і абрадамі “краіны багнаў” – Пінскага Палесся. Дзякуючы назіранням святара, фалькларыста Дзмітрыя Булгакоўскага трапім у другую палову ХІХ стагоддзя на Піншчыну.

Крыху пазнаёмімся з гэтай постаццю. На беларускія землі Булгакоўскі (1843-1918) трапіў у выніку адмысловай праграмы расейскага імперскага ўраду, якая дзейнічала пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гадоў. Імперскія ўлады ўсвядомілі, што ў ідэйным плане Паўночна-Заходні край далёкі ад духу рускай дзяржаўнасці. Каб выправіць сітуацыю і ўмацаваць свае пазіцыі, улады пачынаюць узмоцненую асветніцка-прапагандысцкую працу, паўсюль адкрываюць народныя вучылішчы, павялічваюць колькасць праваслаўных прыходаў, абшчын. Пад гэтую ўрадавую праграму трапіў і Булгакоўскі.

У Пінску ён з’явіўся ў ліпені 1870 года і напрацягу пяці гадоў служыў у Купяцічах. Сумневу ў аб’ектыўнасці яго назіранняў за жыццём палешукоў няма, бо ўсё з-за таго, што айцец Дзмітрый не быў, як кажуць з “гнілых людзей”. Булгакоўскі неўзабаве пачаў выкрываць пінскіх святароў і чыноўнікаў, якія прысвойвалі ахвяраванні, рабілі розныя махлярствы з царкоўнымі фінансамі. За гэта “праўдаруба” выслалі з Пінска на Гарадзеншчыну, а ўжо адтуль ён вярнуўся ў Расею.

Дык вось, напрацягу пяці гадоў знаходжання на Піншчыне Булгакоўскі займаўся вывучэннем гэтага краю. У поле зроку даследчыка былі Купяцічы, Высокае, Пінкавічы ды Вішавічы. Як пасля сам скажа, “цэлая цывілізацыя, асобны свет”. Праз працяглы перыяд, калі святар ужо знаходзіўся ў Санкт-Пецярбургу, то выдаў зборнік “Пінчукі”. Здарылася тое ў 1890 годзе. Выданне высока ацанілі ў навуковых колах і назвалі адной з лепшых этнаграфічных кніг. Між іншых станоўчыя водгукі даў Мітрафан Доўнар-Запольскі і Фёдар Істомін. Дарэчы за выданне аўтар атрымаў Вялікі залаты медаль Расейскага геаграфічнага таварыства. “Пінчукі” ўвабралі ў сябе 257 разнастайных па змесце песняў з характарыстыкай і заўвагамі па іх асаблівасцях і мове, 210 загадак з адгадкамі і 65 прыказак і прымавак, а таксама абрады, звычаі і павер’і.   

Мінула амаль 150 гадоў, але і зараз на Палессі, прынамсі на Піншчыне, магчыма назіраць некаторыя традыцыі тых часоў. Кораценька пазнаёмімся з нататкамі Булгакоўскага адносна пахавальных абрадаў ды пасля вызначым, што больш-менш захавалася.

Пінкавічы, 1934 год, могілкі захаваліся дагэтуль. Фотаальбом “Палессе Луізы Бойд”

У момант, калі чалавек сустракае смерць

(…) Калі чалавек памірае, то хатнія запальваюць Багаяўленскую свячу, і ставяць у галаве паміраючага, каб Бог даў лёгкую смерць. Лічаць за грэх доўга трымаць нябожчыка. Вераць, што пасля выхаду з цела, душа застаецца ў доме 6 тыдняў. Да таго часу, пакуль не памрэ хто-небудзь у вёсцы, а пасля гэтага ідзе на супакой. Нябожчык ўсё чуе да таго часу, пакуль не заспяваюць “вечная памяць”.

Адразу пасля смерці хатнія ідуць да суседзяў і клічуць у свой дом з той вераю, што так будуць клікаць святыя нябожчыка ў царства нябеснае. Для абмывання трупа запрашаюць заўсёды старых жанчын і прытым цотную колькасць, у адваротным выпадку нябожчык зробіцца русалкай. Хаваюць нябожчыкаў у шапках. Калі капаюць магілу, бяруць адсюль зямлі і пасыпаюць лаву, на якую кладуць нябожчыка. Пасля таго, як вынесуць цела нябожчыка з дому, адна з жанчын пасыпае жытам па лаве, дзе ляжаў нябожчык і па ўсёй хаце.

Пінкавічы, 1934 год, могілкі захаваліся дагэтуль. Фотаальбом “Палессе Луізы Бойд”

Пахаванне на Піншчыне ў другой палове ХІХ-стагоддзя

(…) Калі адносяць на могілкі, то ў хаце хто-небудзь застаецца, інакш у хуткім часе памрэ іншы прадстаўнік сям’і. Калі вязуць труну на могілкі, нельга стаяць і глядзець у акно, таму што ў першым выпадку будзе смярдзець з рота, а ў другім забаляць вочы.

Калі святар, што праводзіць нябожчыка, азірнецца, то хутка яшчэ хтосьці  памрэ ў сям’і. Калі ідзе працэсія, нельга апярэджваць, інакш здарыцца няшчасце. Труну вязуць на могілкі заўсёды закрытай, таму што, калі паглядзіць памерлы, то ўвесь свет памрэ.

У магілу кладуць яйка, а таксама чыстую бялізну, тытунь і трубку, калі нябожчык курыў, а табакерку, калі ён нюхаў тытунь, таксама святую ваду ў бутэльцы, а ў некаторых месцах грошы і гарэлку.

Калі апускаюць нябожчыка ў магілу, родныя кідаюць туды замок, для таго, каб больш не паміралі ў сям’і.

Вясковыя могілкі ў Курадава, 1934 год. Фотаальбом “Палессе Луізы Бойд”

Падчас пахавання бліжэйшыя родныя нябожчыка носяць на могілкі бітыя гаршкі, каб не сумаваць па нябожчыку. З гэтай жа мэтай старэйшыя з хаты бяруць зямлі за пазуху, калі ў магілу апускаюць цела.

Пры пахаванні звычайна галосяць наступнае: “Ой, галубок ты мой, ужо ты пакідаеш нас, на каго ты пакідаеш мяне з дзецьмі; ды не хутка мы ўбачымся з табою. Апошні раз мы з табою бачымся; ой чаго ты ад нас сыходзіш, чаму ты яшчэ з тыдзень ня пабыў, што б мы з табой пагаварылі. Ой ты-ж мой міленькі, ох ты маё сонейка, ох ты-ж маё золата, ох ты-ж мой месяц, ох ці хутка з табой ўбачымся”.

Выгляд могілак на Піншчыне ў 1934 годзе. Фотаальбом “Палессе Луізы Бойд” 

Памінкі: каб нябожчыку там добра, а жывым тут доўгія лета

(…) Усялякі, хто вярнуўся з могілак мые рукі для таго, каб у нябожчыка была чыстая душа, як рукі… Вярнуўшыся з могілак, хатнія і ўсе хто былі на пахаванні, садзяцца за стол і перш за ўсё памінаюць хлебам або мёдам. Пры гэтым кажуць: “Вечная яму памяць, дай Божа яму неба, а нам здароўе; няхай са святымі адпачывае, а нас доўга чакае. Дай жа Божа яму на тым свеце царства нябеснае, а нам на гэтым свеце, каб Бог працягнуў лета з дзеткамі і з жывёламі”.

У першую ноч пасля пахавання ставяць на стол у талерцы ваду і булку хлеба, бо перакананыя, што душа памерлага прыйдзе ў госці ды будзе есьці і піць. У саракавы дзень робяць так званыя прыкладзіны (нарубы). Прыкладзінай называецца калода, велічынёю з труну, якую кладуць на магілу. Гэта робіцца для таго, каб мерцвякі (верылі, што першыя дні душы памерлых ходзяць у храм, – аўт.), ідучы ў царкву, садзіліся на гэтых калодках і адпачывалі. У гэты-ж дзень кладуць на магілу бліны, арэхі, гарбузы і гарэлку.

Нарубы на вясковых могілках, 1934 год. Фотаальбом “Палессе Луізы Бойд” 

Першае. Нарубы (прыкладзіны) яшчэ магчыма пабачыць на некаторых старых вясковых могілках Піншчыны, больш за ўсё захавалася ў вёсцы Парэ. Экскурсаводы любяць інтрыгаваць турыстаў думкай, што нарубы звязаныя з праяўленнем у гэтых мясцінах вампірызму. Насамрэч захаваліся сведчанні старажылаў, якія трохі іншыя ад тлумачэнняў Булгакоўскага. Так рабілі пінчукі, каб нябожчыкі з могілак дадому не вярталіся. Прыціснуўшы магілу нарубам, зрабіўшы такі рытуал, мясцовыя былі ўпэўненыя, што па начах мёртвыя не пачнуць хадзіць па дварах і людзей з сабой зацягваць. Гэта такі сінтэз паганства, веры і цвярозага погляду на свет. Пры тым, што набожнасць палешукоў адзначаў не адзін даследчык, але вось такая мяшанка.

Другое. Пэўна не толькі на Піншчыне, але і па ўсёй краіне ды і мо ў іншых краях захавалася прыкмета, што нельга назіраць за пахавальнай працэсіяй у вакно, пераходзіць дарогу ці апярэджваць. Лічыцца, што здарыцца нешта дрэннае.

Трэцяе. Абавязковае галашэнне па нябожчыку. Канечне, ужо не ў кожным выпадку, але не рэдкасць. Мала таго існуюць нават адмысловыя людзі, якія за пэўную падзяку будуць галасіць столькі наколькі родныя памерлага падзякавалі.

Беларускае Радыё Рацыя