Дзяды ў Кабыляках пад пагрозай



Набліжаюцца Дзяды. У Воршы шмат гадоў людзі ездзілі ў Кабылякі на мемарыял ахвярам сталінскіх рэпрэсій.

Але сёлета традыцыйны збор ля валуна на Кабыляках можа не адбыцца, кажа даследчык сталінскіх рэпрэсій на Аршаншчыне Ігар Станкевіч:

– Сітуацыя вельмі складаная. Увесну мы не праводзілі на Радаўніцу ніякіх мерапрыемстваў, як звычайна. Таму што быў каронавірус. А гледзячы на ўзросце сваякоў рэпрэсаваных, гэта людзі ўжо ў сталым веку, таму рызыкаваць іх здароўем зусім не хацелася. Зараз сітуацыя яшчэ больш ускладнілася. Да сітуацыі з каронавірусам дадаюцца яшчэ дзяржаўныя рэпрэсіі. Я так разумею, што ўлады зараз пільнуюць усіх, хто збіраецца непадкантрольна.

Пытанне сустрэчы ў Кабыляках на Дзяды ўсё яшчэ вырашаецца, але з высокай верагоднасцю не адбудзецца, кажа Ігар Станкевіч.

– Вельмі не хочацца падстаўляць людзей ані пад штрафы, ані пад нейкія праблемы. Пакуль я вось запытаўся ў сваякоў, што рабіць нам на Дзяды. Пэўнага адказу ў мяне няма.

Магчыма, людзі прыйдуць у Кабылякі паасобку, без арганізацыі мітынгу. Прынамсі, рашэнне актывістаў будзе агучанае бліжэйшымі днямі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша