Дзяніс Івашын: Мы пераможам!



Ужо некалькі дзён у Гародні ў памяшканні абласнога суда адбываецца працэс над журналістам Дзянісам Івашыным. Маці журналіста Людміла Івашына штодня ходзіць да будынка суда, каб даведацца, што адбываецца на гэтым працэсе. Аднак у сам будынак яе не пускаюць, бо ўлады зрабілі гэты працэс закрытым.

Кажа Людміла Івашына:  

– Што канкрэтна адбываецца на так званым судзілішчы, канешне я не ведаю. Адвакат не кажа асабліва, бо працэс закрыты, як я разумею закрыты таму, што народу паказаць няма чаго, сказаць няма чаго. Таму і закрыты, бо зразумела, што ўсе гэтыя абвінавачанні – гэта проста выдуманыя фантазіі следчых, не больш за тое. Таму асабліва навін не маю.

Па яе словах, самым эмацыйным момантам было тое, што ёй удалося ўбачыць сына:

Гэта быў такі момант, калі я толькі бачыла сына. Я не разумела дзе знаходжуся, была быццам поўнасцю адключаная, я к я сама аналізую цяпер свой стан. Я нічога не бачыла, не чула, акрамя сына. Я яму закрычала: „Я тут. Усё будзе добра!”. Ён мне штосьці, але я не чула. Пасля мне ўжо перадалі яго словы: „Мама, не хвалюйся, у мяне ўсё добра. Мы пераможам!”.

Людміла Івашына канстатуе, што на першы дзень судовага пасяджэння падтрымаць Дзяніса прыехалі еўрапейскія дыпламаты. Сяброў і калег Дзяніса не было: „Хіба яны ўсе вымушаны былі з’ехаць”, – кажа Людміла Івашына.

Беларускае Радыё Рацыя